Кардынал Коавакад: жанчыны спрыяюць раззбраенню сэрцаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Ватыканскі іерарх прыняў удзел у канферэнцыі на тэму “Жанчыны, лідарства і дыялог: масты паміж ведамі, культурамі і грамадствамі”, якая прайшла 6 сакавіка 2026 года ў Сенаце Італьянскай Рэспублікі па ініцыятыве Пасольства Албаніі пры Святым Пасадзе.
Патрэба ў раззбраенні сэрцаў
Кардынал нагадаў, што сучасны свет перажывае час трывогі і дэгуманізацыі, росту небяспекі і ўзбраення. У такіх умовах, на яго думку, тэрміновым з’яўляецца “раззбраенне сэрца, розуму і жыцця” – здольнасць бачыць патрэбы і боль іншага, нават калі ён з’яўляецца праціўнікам. Іерарх адзначыў, што менавіта жанчыны дэманструюць такую здольнасць і тым самым робяць важны ўклад у працэсы прымірэння.
Прыклады жаночага лідарства
Прэфект адзначыў, што ў гісторыі і сучаснасці ёсць шмат прыкладаў жаночага лідарства, якое спрыяе ўсталяванню справядлівасці: святая Кацярына Сіенская, якая выступала пасрэдніцай у вырашэнні сярэднявечных канфліктаў; Элеанора Рузвельт, якая ўдзельнічала ў падрыхтоўцы Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека; Вангары Маатаі, кенійская грамадская дзеячка і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру за 2004 год.
Дзейнасць жаночых арганізацый на Блізкім Усходзе
Кардынал Коавакад звярнуў асаблівую ўвагу на дзейнасць жаночых мірных ініцыятыў на Блізкім Усходзе. Ён нагадаў, што ў Ізраілі ўжо больш за дзесяць гадоў каля 50 тысяч арабскіх і яўрэйскіх жанчын, аб’яднаных у рух “Women Wage Peace”, разам з арганізацыяй “Women of the Sun” з Заходняга берага ракі Іардан працуюць дзеля ўмацавання даверу паміж народамі і заклікаюць да дыпламатычнага вырашэння праблем.