Абрад выстаўлення хусткі святой Веранікі Абрад выстаўлення хусткі святой Веранікі 

Кардынал Гамбэці: хустка святой Веранікі вядзе да Хрыста

У пятую нядзелю Вялікага посту Базіліка Святога Пятра стала месцам асаблівай малітвы. Тут адбылося традыцыйнае выстаўленне хусткі святой Веранікі, якая захоўвае аблічча Хрыста.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Старажытная велікапосная традыцыя, якая бярэ пачатак у III стагоддзі, збірае вернікаў і пілігрымаў у рымскіх касцёлах, якія захоўваюць рэліквіі святых і мучанікаў. 22 сакавіка 2026 года, у пятую нядзелю Вялікага посту, вернікі сабраліся ў ватыканскай базіліцы.

Абрад узначаліў кардынал Маўра Гамбэці, архіпрэзбітэр сабора і Папскі вікарый для Ватыкана. Рэліквія, вядомая як Святое Аблічча, была выстаўлена для адарацыі ў лоджыі святой Веранікі. Пасля гэтага адбылася святая Імша, падчас якой іерарх нагадаў, што хустка святой Веранікі дапамагае задумацца над Мукай Хрыста і наблізіцца да Яго. “Яна запрашае нас зірнуць на Галгофу, дзе Укрыжаваны Хрыстус адкрывае нам Сваю славу”, - сказаў іерарх.

Падчас адарацыі ў базіліцы панавала цішыня. Усе позіркі былі скіраваны на святыню, якая сімвалізуе Муку і смерць Хрыста. Ахвяра Збаўцы абвясціла канчатковую перамогу над усім злом і пакутамі, на якія асуджаны чалавек: адзінотай, няволяй, немаччу, крыўдамі, пераследам і нават смерцю, - сказаў іерарх.

Кардынал Гамбэці адзначыў, што смерць, як вучыў святы Францішак, можа стаць сястрой, калі яна адчыняе дзверы для шчырай сустрэчы з Панам. Галоўнае, што вядзе ад смерці да новага жыцця, – гэта любоў. Яна дапамагае прайсці праз боль страты, нараджае спачуванне і жаданне блізкасці. Плач Езуса перад магілай Лазара нагадвае, што чалавек не створаны для ізаляцыі і эгаістычных задавальненняў, для ланцугоў або суму. Чалавек створаны для жыцця, для таго, каб дзяліцца дарамі з іншымі, быць з імі ў еднасці, быць свабодным і шчаслівым.

Езус кліча кожнага чалавека, як калісьці Лазара. Святая Вераніка, якая выцерла твар Хрыста, вучыць нас ісці за Ім з любоўю і спачуваннем, а Панна Марыя – заставацца вернымі нават у час слёз, каб перажыць радасць Уваскрасення ва ўсе часы і ў любых абставінах, - сказаў на заканчэнне гаміліі кардынал Гамбэці.

23 сакавіка 2026, 12:15