Старшыня Папскай акадэміі пра хрысціянскі погляд на ШІ
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сучасныя спрэчкі вакол развіцця штучнага інтэлекту часта зводзяцца да юрыдычных тонкасцей або тэхнічных параметраў. Аднак біскуп Антоніа Стальяно прапануе паглядзець на гэту праблему праз прызму глыбокай антрапалогіі.
На яго думку, галоўнае пытанне, якое павінна ставіць перад сабой грамадства, гучыць не "што можа машына", а "якім чалавекам мы хочам стаць" у эпоху лічбавай трансфармацыі.
Сапраўдны выклік ляжыць не ў сферы права, а ў разуменні сутнасці чалавека
Кіраўнік Папскай акадэміі адзначае, што ў існуючым дыскурсе назіраецца супрацьстаянне двух тыпаў крайнасці: "асцярожных", якія патрабуюць жорсткіх абмежаванняў, і "праметэйцаў", якія адмаўляюцца ад любых тармазоў на шляху прагрэсу. Каталіцкая тэалогія прапануе трэці шлях. Ён грунтуецца на тым, што чалавек, створаны па вобразу і падабенству Бога, мае прыроджанае пакліканне да бясконцасці, якое немагчыма замяніць алгарытмамі.
Паводле меркавання біскупа Стальяно, штучны інтэлект не патрабуе знешніх забарон саміх па сабе – ён патрабуе "душы". Гэту метафарычную душу можа даць толькі антрапалогія, здольная асэнсаваць чалавечую прыроду без падзення ў ідалапаклонства перад тэхнікай.
Штучны інтэлект – гэта каштоўная прылада, пакуль яна служыць грамадству і пазнанню
Рызыка заключаецца не ў адсутнасці рэгулявання, а ў тым, што тэхналогію пачнуць шанаваць як новы суб'ект чалавечай эвалюцыі. На думку кіраўніка Папскай тэалагічнай акадэміі, хрысціянская этыка павінна засяродзіцца не на тым, якія бар'еры паставіць перад машынай, а на тым, як развіваць інтэлектуальныя сістэмы, каб яны спрыялі рэалізацыі вышэйшага прызначэння асобы.