Пошук

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

“24 гадзіны для Пана”: малітва і пакаянне ў чаканні Вялікадня

Велікапосная ініцыятыва “24 гадзіны для Пана” пройдзе ў дыяцэзіях свету 13-14 сакавіка 2026 года. Парады для яе правядзення падрыхтавала Дыкастэрыя па справах евангелізацыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Тэмай велікапоснай акцыі, якая сёлета адбудзецца ўжо ў трынаццаты раз, Папа Леў XIV выбраў словы, натхнёныя Евангеллем паводле святога Яна: “Я прыйшоў збавіць свет” (Ян 12, 47).

“24 гадзіны для Пана” – штогадовая ініцыятыва, у рамках якой дзверы некаторых касцёлаў у дыяцэзіях ва ўсім свеце застаюцца адчыненымі і ўдзень, і ўначы. У іх праводзіцца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і прысутнічаюць святары, гатовыя спавядаць вернікаў.

“Падзею можна пачаць у пятніцу ўвечары пакаяннай літургіяй, каб падрыхтаваць вернікаў да споведзі, а завяршыць цэлебрацыяй святочнай святой Імшы ў другой палове дня ў суботу”, - гаворыцца ў даведніку, які падрыхтавала Дыкастэрыя па справах евангелізацыі. Ён утрымлівае парады для правядзення акцыі ў парафіях і даступны для бясплатнага спампавання на сайце ватыканскага ведамства на англійскай, іспанскай і італьянскай мовах.

Ініцыятыва мае на мэце даць вернікам дадатковую магчымасць прымірыцца з Богам у святле падрыхтоўкі да Вялікадня. Звычайна яна адбываецца ў вігілію чацвёртай нядзелі Вялікага посту.
 

10 сакавіка 2026, 11:11