Другі Ватыканскі Сабор Другі Ватыканскі Сабор 

Вайна і антысемітызм: Сабор як ключ да разумення сучаснасці

У тэкстах мінулага можна знайсці ключы для разумення сучасных падзей. Пачынаючы цыкл катэхез пра Другі Ватыканскі Сабор, Папа Леў XIV заклікаў па-новаму адкрыць актуальнасць яго дакументаў.

Тэкст: Амедэа Ламонака / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна

Паспрабуем зірнуць на дзве балючыя сучасныя падзеі – вайну ва Украіне і трагедыю на Блізкім Усходзе – скрозь прызму дакументаў Другога Ватыканскага Сабору, адкрытага ў 1962 годзе Янам XXIII і завершанага Паўлам VI у 1965 годзе.

Нялюдскасць вайны

У дакументах Сабору можна знайсці праніклівыя разважанні пра трагедыю канфліктаў. Гэтыя словы могуць стаць своеасаблівым павелічальным шклом для разумення сучаснай рэчаіснасці. Сабор, перш за ўсё, асуджае "бесчалавечнасць вайны". У канстытуцыі “Gaudium et Spes” разважанні пра вайну не прывязаныя да канкрэтнага месца ці даты і застаюцца актуальнымі і сёння: "Хаця апошнія войны прынеслі свету вельмі цяжкія матэрыяльныя і маральныя страты, кожны дзень у розных кропках Зямлі вайна працягвае несці разбурэнні". Зброя становіцца ўсё больш смяротнай, а вайна, на жаль, не "не выкаранілася з чалавечай прыроды". Яе жорсткасць можа “прывесці байцоў да варварства, значна большага за варварства мінулых часоў". Пакуль існуе небяспека вайны і няма кампетэнтнага міжнароднага органа, здольнага вырашыць канфлікт пасля таго, як усе магчымасці мірнага ўрэгулявання будуць вычарпаныя, нельга адмаўляць дзяржавам у праве на законную абарону, - гаворыцца ў “Gaudium et Spes”.

На вайне дазволена не ўсё

Канстытуцыя таксама падкрэслівае неабходнасць усталявання мяжы, якую нельга пераступаць у ваенных дзеяннях: "Моц зброі не робіць легітымным любое яе ваеннае ці палітычнае выкарыстанне. І тое, што вайна ўжо, на жаль, выбухнула, не робіць законным любое дзеянне бакоў канфлікту". Каб адхіліць прывід вайны, саборныя айцы таксама заклікаюць прыслухацца да раззброенага голасу малітвы. Варта заахвочваць добрую волю тых многіх людзей, якія, нягледзячы на цяжар высокага служэння, рухомыя вялікай адказнасцю, з усіх сіл імкнуцца спыніць агідную ім вайну, але вымушаныя ўлічваць складанасць рэальных абставін. “Мы павінны нястомна маліцца Богу, каб Ён даў ім моц з настойлівасцю і з мужнасцю выканаць гэтую справу найвялікшай любові да чалавека — справу, з дапамогай якой мужна будуецца будынак міру”, - гаворыцца ў дакуменце.

Папская була аб скліканні Сабору
Папская була аб скліканні Сабору

Асуджэнне праяў антысемітызму

Асобны дакумент Другога Ватыканскага Сабору нагадвае пра неабходнасць разважання над трагедыяй Блізкага Усходу. Ён пераплятаецца са старонкамі гісторыі, якія да гэтага часу застаюцца нявырашанымі. Адна з такіх старонак была напісана пасля 1948 года. Святы Пасад у той час неаднаразова выказваў глыбокую заклапочанасць як станам святынь, так і лёсам палесцінскіх хрысціян. Многія з іх страцілі свае дамы, змагаючыся разам са сваімі суайчыннікамі-мусульманамі падчас Першай араба-ізраільскай вайны 1948 года. Калі Павел VI наведаў Святую Зямлю ў 1964 годзе і сустрэўся з палітычнымі ўладамі Ізраіля і Іарданіі, ён не згадваў ні дзяржаву Ізраіль, ні палесцінцаў. Менавіта Другі Ватыканскі Сабор, як адзначаецца ў часопісе “Civiltà cattolica” у 2015 годзе, адкрыў новую эру дыялогу з яўрэямі з дапамогай Дэкларацыі “Nostra aetate”. У гэтым дакуменце падкрэсліваецца, што Касцёл, “памятаючы пра спадчыну, якую ён падзяляе з яўрэямі, і кіруючыся не палітычнымі матывамі, а рэлігійнай евангельскай любоўю, асуджае нянавісць, пераслед і ўсе формы антысемітызму, скіраваныя супраць яўрэяў ва ўсе часы і кім бы там ні было”.

Усеагульнае братэрства

Для мірнай будучыні ключавое слова, якое выкарыстоўваюць айцы Сабору, паходзіць з дэкларацыі пра адносіны Касцёла з нехрысціянскімі рэлігіямі. Гэта слова – братэрства. “Мы не можам называць Бога Айцом усіх людзей, калі мы адмаўляемся паводзіць сябе як браты ў адносінах да некаторых з людзей, якія створаны па вобразу Божаму. Стаўленне чалавека да Бога Айца і стаўленне чалавека да іншых людзей, яго братоў, настолькі цесна звязаныя, што Святое Пісанне кажа: “Хто не любіць, той не ведае Бога” Згодна з "Nostra aetate", шлях хрысціян павінен злучыцца са шляхам міратворцаў. “Касцёл рашуча асуджае, як супярэчную волі Хрыста, усялякую дыскрымінацыю і пераслед людзей з прычыны расы, колеру скуры, сацыяльнага становішча або рэлігіі”, - гаворыцца ў дакуменце. Таму Сабор, ідучы па слядах святых апосталаў Пятра і Паўла, настойліва заклікае хрысціян, каб яны, “захоўваючы бездакорныя паводзіны сярод народаў” (пар. 1 Пт 2:12), наколькі гэта магчыма, жылі ў міры з усімі людзьмі.

Прароцкі голас Сабору

Гэтыя словы, народжаныя ў іншым гістарычным кантэксце, захоўваюць сваю прароцкую моц. Асуджэнне вайны, якую айцы Сабору назвалі бесчалавечнай, спалучаецца з этычнымі каштоўнасцямі, якія патрабуюць захавання, каб спыніць усе формы нянавісці і дыскрымінацыі. Шлях усеагульнага братэрства становіцца адзіным магчымым шляхам да аднаўлення міру – сапраўднага і трывалага. Перад абліччам сцэнарыяў, пазначаных гвалтам і падзеламі, Сабор заклікае нанова адкрыць дыялог, маральную адказнасць і, перш за ўсё, малітву. У гэтым гарызонце працягвае гучаць пасланне Другога Ватыканскага Сабору, не дазваляючы змірыцца з логікай вайны.

04 лютага 2026, 15:50