Пошук

Біскуп Эрык Вардэн Біскуп Эрык Вардэн 

Нарвежскі біскуп правядзе рэкалекцыі для Папы і Курыі

Леў XIV і яго найбліжэйшыя супрацоўнікі распачнуць час Вялікага посту праз засяроджанасць і малітву пад кіраўніцтвам вядомага манаха-трапіста і пастыра з далёкай Нарвегіі.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Прэфектура Папскага дому абвясціла праграму сёлетніх велікапосных рэкалекцый, якія пройдуць пад дэвізам "Асветленыя схаванай славай".

З 22 па 27 лютага 2026 года рымскія кардыналы і кіраўнікі Дыкастэрый збяруцца ў “Cappella Paolina”, каб прайсці шлях духоўнага абнаўлення. Сёлетнім рэкалекцыяністам будзе біскуп Эрык Вардэн, прэлат Тронхейма, які належыць да ордэна цыстэрсаў.

Праграма прадугледжвае заглыбленне ў спадчыну святога Бернарда, да якога біскуп Вардэн звяртаецца як да настаўніка веры

Як вынікае з раскладу медытацый, шлях удзельнікаў пачнецца ў нядзельны вечар з разважання "Увайсці ў Вялікі пост". Наступныя дні будуць напоўнены малітвай Брэвіярыя і адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Асаблівая ўвага будзе нададзена постаці святога Бернарда Клервоскага: аўтар прапануе паглядзець на яго спачатку як на "ідэаліста", а затым – як на "рэаліста", што дапаможа духавенству лепш зразумець выклікі сучаснага служэння Касцёлу.

Тэмы разважанняў ахопліваюць шырокі спектр духоўнага жыцця – ад пытанняў асабістай свабоды да грамадскай адказнасці за надзею

Паводле інфармацыі Прэфектуры Папскага дому, у аўторак, 24 лютага, медытацыі будуць прысвечаны тэмам "Стаць свабоднымі" і "Ззянне праўды". У сярэдзіне тыдня ўдзельнікі засяродзяцца на Божай дапамозе і апецы анёлаў, што гучыць як духоўная падтрымка ў часы няпэўнасці. Завершацца духоўныя практыкаванні ў пятніцу, 27 лютага, разважаннямі аб разважлівасці і неабходнасці "перадаваць надзею", што з’яўляецца прыярытэтам для Касцёла ў сучасным свеце.
 

04 лютага 2026, 14:50