Гульельма Марконі разам з папам Піем XI падчас гістарычнага адкрыцця Ватыканскага радыё 12 лютага 1931 года Гульельма Марконі разам з папам Піем XI падчас гістарычнага адкрыцця Ватыканскага радыё 12 лютага 1931 года 

Ватыканскае радыё святкуе 95-годдзе і абмяркоўвае будучыню з ШІ

“Ватыканскае радыё” адзначае сваё 95-годдзе спецыяльнай ініцыятывай, прысвечанай ролі чалавечага голасу ў эпоху імклівага развіцця штучнага інтэлекту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Юбілей найстарэйшай каталіцкай радыёстанцыі свету, заснаванай у 1931 годзе па волі Папы Пія XI і пабудаванай Гульельма Марконі, супадае з Сусветным днём радыё. Да гэтай даты падрыхтаваны цыкл праграм на сямі мовах, якія пазней стануць тэматычнымі падкастамі пра будучыню медыя і грамадскае служэнне.

Галоўная тэма дыскусі – “ШІ – гэта прылада, а не голас”. Яна пераклікаецца з пасланнем Папы Льва XIV на Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі. Удзел міжнародных экспертаў дазволіць паглядзець на радыё як на глыбока чалавечы сродак сувязі, які немагчыма замяніць алгарытмамі.

У праграмах возьмуць удзел кіраўнікі найбуйнейшых медыяхолдынгаў, такіх як “Radio France”, ARD і RAI, а таксама прадстаўнікі каталіцкіх радыёсетак з Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі. Эксперты абмяркуюць, як радыё можа выкарыстоўваць інавацыі, захоўваючы пры гэтым сваю ідэнтычнасць, заснаваную на блізкасці да слухача і адказнасці за слова.

Сёння “Ватыканскае радыё - Vatican News” выкарыстоўвае сучасныя лічбавыя платформы, каб даносіць голас Святога Пасада да кожнага кутка планеты. Нават у эпоху штучнага інтэлекту папскае СМІ нагадвае, што тэхналогіі павінны заставацца толькі інструментам у руках чалавека.

Гэтая ініцыятыва павінна стаць важным крокам у дыялогу паміж традыцыяй і будучыняй, падкрэсліваючы каштоўнасць сапраўдных чалавечых адносін у лічбавай прасторы.
 

10 лютага 2026, 13:08