Radio Vaticana logo Regia 9

Голас Папы ў новым гучанні: Ватыканскае радыё адзначае 95-годдзе

Ватыканскае радыё святкуе сваё 95-годдзе 12 лютага 2026 года, прэзентуючы абноўленае гукавое аблічча, якое спалучае гістарычныя традыцыі з сучаснай музычнай мовай.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Галоўным элементам новага стылю стала пераасэнсаванне славутага гімна "Christus Vincit", які на працягу многіх дзесяцігоддзяў з’яўляецца пазнавальным сімвалам папскага радыё.

Праект, давераны майстру Марчэла Філатэі, прапануе сучасную трактоўку класічнай тэмы чэхаславацкага кампазітара Яна Кунца і аркестроўкі Альберыка Віталіні, захоўваючы пры гэтым глыбокую сувязь з мінулым.

Музычны маналог становіцца дыялогам

Паводле слоў Паола Руфіні, прэфекта Дыкастэрыі па камунікацыі, абнаўленне пазыўных – гэта не проста тэхнічны крок, а спроба перадаць гармонію, якая аб’ядноўвае ідэнтычнасць і камунію. Музыка радыё павінна ствараць рэзананс, які ператвараецца ў дыялог, а памяць – у жывое сведчанне веры.

Сістэма ўключае чатыры асноўныя версіі музычнага лагатыпа, адаптаваныя да рознага часу сутак: ад лагоднага абуджэння раніцай да спакойнага гучання ўначы. Марчэла Філатэі параўнаў гэтую працу з эквілібрыстыкай, дзе трэба было прайсці па тонкай нітцы паміж захаваннем спадчыны і неабходнасцю навізны, пазбягаючы банальнасці.

Сусветны эфір у адным рытме

Увесь праект будзе запушчаны адначасова на італьянскім канале і на ўсіх 30 вэб-радыёстанцыях Ватыканскага радыё па ўсім свеце. Гэта створыць адзіную прастору для слухачоў, незалежна ад іх мовы ці месцазнаходжання, падкрэсліваючы ўніверсальнасць паслання Наступніка святога Пятра.

Намеснік дырэктара па рэдакцыйных пытаннях Масіміліяна Менікеці адзначыў, што гэтае абнаўленне з’яўляецца яркім напамінам пра місію папскай станцыі – несці святло веры праз стагоддзі.

Акрамя сучасных апрацовак, у эфіры захаваюцца і гістарычныя аркестроўкі, а таксама з’явіцца спецыяльны варыянт у стылі барока, які падкрэсліць багатую музычную спадчыну Касцёла.
 

11 лютага 2026, 15:32