Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Божая стратэгія ціхай камунікацыі: Ватыканскае радыё – 95

Ватыканскае радыё адзначае 95 гадоў служэння Папу і свету, застаючыся верным місіі абвяшчэння Евангелля праз дыялог і чалавечую творчасць нават у эпоху штучнага інтэлекту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гістарычны шлях "Statio Radiophonica Vaticana" распачаўся 12 лютага 1931 года, калі Гільельма Марконі, выканаўшы волю Пія XI, прадставіў свету цуд тэхнікі, які дазволіў голасу Пантыфіка ўпершыню прагучаць адначасова ва ўсіх кутках зямлі. Гэты момант стаў сімвалам даверу Касцёла да прагрэсу і тэхналогій, пастаўленых на службу чалавечай камунікацыі і евангелізацыі.

Гісторыя даверу Касцёла да тэхналогій

За амаль стагоддзе існавання Ватыканскае радыё прайшло скрозь войны і мірныя дамовы, разбурэнні і адбудову, стала сведкам Другога Ватыканскага Сабору і шматлікіх Юбілеяў.

Як падкрэслівае ў сваім рэдакцыйным артыкуле Масіміліяна Менікеці, радыёстанцыя заўсёды чытала падзеі праз прызму сацыяльнага вучэння Касцёла, імкнучыся аб’ядноўваць і служыць праўдзе. Сёння, у эпоху штучнага інтэлекту, Папскае радыё нагадвае: тэхналогіі павінны служыць чалавеку, а алгарытмы, якімі б дасканалымі яны ні былі, не здольныя замяніць сэрца, творчасць і маральны выбар.

Вера нараджаецца са слухання: Божая далікатнасць

У сваю чаргу Андрэа Монда прапануе глыбокі тэалагічны погляд на прыроду радыёвяшчання, называючы яго найбольш "боскім" сярод усіх медыя. Бог Бібліі – гэта Бог, які прамаўляе і якога трэба слухаць; Ён абірае слых, магчыма, самае "слабае" пачуццё, каб пакінуць чалавеку прастору для свабоды.

Калі тэлебачанне захоплівае ўсю ўвагу, то радыё далікатна ўваходзіць у жыццё, дазваляючы нам займацца сваімі справамі, пакуль нейкая важная думка або навіна не прымусіць нас спыніцца і прыслухацца.

Сёння Ватыканскае радыё – гэта сапраўдная майстэрня мультыкультуралізму, дзе працуюць прадстаўнікі 69 нацыянальнасцей, ствараючы кантэнт на дзясятках моў для лічбавай сістэмы "Vatican News". Гэта жывы арганізм, які спалучае традыцыі Марконі з сучаснымі лічбавымі платформамі, застаючыся верным сваёй галоўнай мэце – несці святло надзеі і голас Папы на "перыферыі" свету.
 

12 лютага 2026, 11:11