Базіліка Святога Пятра Базіліка Святога Пятра  (ANSA)

Галоўны папскі арганіст пра "святое хваляванне" і акустыку

Першы арганіст Ватыканскай Базілікі Жазэп Сале Коль распавёў пра сваё служэнне як пра акт малітвы і мастацкі выклік, які патрабуе абсалютнай дакладнасці падчас літургій з Папам.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Іспанскі музыка Жазэп Сале Коль, які займае пасаду першага арганіста Базілікі Святога Пятра, падзяліўся сваімі думкамі аб адказнасці перад Богам і мільёнамі вернікаў.

У інтэрв’ю парталу "katholisch.de" ён падкрэсліў, што ігра пад купалам, створаным Мікеланджэла, – гэта не проста музычнае выкананне, а сапраўднае служэнне, якое праз трансляцыі сягае далёка за межы Ватыкана. Паводле яго слоў, кожны акорд павінен спрыяць евангелізацыі і ўздымаць сэрцы слухачоў ва ўсім свеце.

Арган як сродак евангелізацыі

Асаблівай складанасцю ў працы арганіста з’яўляецца ўнікальная акустыка галоўнага каталіцкага храма. Жазэп Сале Коль патлумачыў, што рэха ў Базіліцы доўжыцца ад сямі да васьмі секунд, што патрабуе ад музыкі ювелірнай дакладнасці. Замест звыклага страху перад публікай артыст адчувае тое, што сам называе "святым хваляваннем". Гэты стан узнікае з усведамлення, што Папа знаходзіцца ўсяго ў некалькіх метрах, а сама літургія з’яўляецца боскім дзеяннем, дзе музыка служыць вышэйшай мэце.

Музычныя перавагі Пантыфікаў

Успамінаючы працу з папярэднікамі Льва XIV, арганіст адзначыў, што Бэнэдыкт XVI меў канкрэтныя пажаданні да рэпертуару, а падчас пантыфікату Францішка праводзіліся эксперыменты з опернай музыкай, якія, аднак, не заўсёды пасавалі да літургіі. Што тычыцца Льва XIV, Жазэп Сале Коль заўважыў, што новы Пантыфік сам добра спявае.

Музыкі Ватыкана пакуль знаходзяцца ў працэсе знаёмства з духоўным профілем Святога Айца. Сувязным звяном паміж пастырскай воляй Папы і музычным напаўненнем заўсёды выступае майстар папскіх літургічных цэлебрацый. Кожнае набажэнства становіцца чарговым досведам разумення таго, як папская духоўнасць пераплятаецца з майстэрствам выканаўцаў.
 

14 лютага 2026, 10:36