Ватыканскія астраномы рыхтуюць робатаў і зазіраюць у будучыню
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сучасная навука ў Касцёле ахоплівае велізарны спектр тэм – ад фарміравання галактык да вывучэння метэарытаў. Дырэктар установы езуіт Рычард Энтані Д’Суза адзначае, што хоць кожны даследчык мае свае прыярытэты, агульная мэта заключаецца ў маштабным інвеставанні ў рэсурсы, якія дазволяць навукоўцам зрабіць значны прарыў.
Тэхналагічны скачок: ад Арызоны да Кастэль Гандольфа
Адным з галоўных крокаў стане завяршэнне робатызацыі тэлескопа VATT на гары Грэм у амерыканскай Арызоне. Ужо цяпер сістэма аўтаматызавана на 95 працэнтаў, аднак устаноўка новай камеры дазволіць працаваць цалкам дыстанцыйна. Гэта дасць магчымасць рэалізоўваць адразу некалькі навуковых праектаў на працягу адной ночы, што значна павысіць эфектыўнасць назіранняў.
Адначасова ў лабараторыях італьянскага Кастэль-Гандольфа плануюць усталяваць спецыяльныя графічныя працэсары (GPU) для паскарэння складаных вылічэнняў. Па словах кіраўніка абсерваторыі, гэта адкрые шлях для больш шырокага выкарыстання штучнага інтэлекту ў аналізе касмічных даных.
Космас як прастора дыялогу паміж верай і розумам
У планах на 2026 год таксама значацца адкрыцці новых навуковых кірункаў, сярод якіх астрабіялогія і тэорыя груп. Ватыканскія навукоўцы працягваюць працу над фундаментальнымі пытаннямі фізікі, такімі як спалучэнне гравітацыі з квантавай механікай і разуменне прыроды чорных дзір.
Для шырокай грамадскасці абсерваторыя рыхтуе ўнікальны лічбавы каталог метэарытаў – 3D–сканы каля 1200 экзэмпляраў стануць даступнымі анлайн. Гэты праект, нароўні з арганізацыяй спецыяльных навуковых сустрэч і семінараў, закліканы паказаць, што даследаванне сусвету з’яўляецца жывой прасторай для сустрэчы навуковага розуму і хрысціянскай веры.