"Апошні Суд": у Ватыкане ратуюць колеры Мікеланджэла
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Самая вядомая ватыканская фрэска на бліжэйшыя тры месяцы схавалася за адмысловай заслонай. Ватыканскія музеі паведамілі пра пачатак маштабнага праекта па ачыстцы "Апошняга Суда" – манументальнага твора Мікеланджэла Буанароці.
Нягледзячы на працы, капэла застанецца адкрытай для вернікаў і шматлікіх турыстаў, якія змогуць убачыць на месцы арыгінала рэпрадукцыю высокай якасці, нанесеную на ахоўную тканіну.
Трыццаць гадоў пасля вялікай рэстаўрацыі
Дырэктар Ватыканскіх музеяў Барбара Ята нагадала, што апошні раз сур’ёзныя рэстаўрацыйныя працы над гэтым шэдэўрам завяршыліся больш за тры дзесяцігоддзі таму, у 1994 годзе. Мікеланджэла ствараў свой манументальны фрэскавы ансамбль з лета 1536 года па восень 1541 года, і з таго часу захаванне якасці яго жывапісу патрабуе пастаяннай увагі спецыялістаў.
Зараз майстры з лабараторыі рэстаўрацыі жывапісу працуюць над выдаленнем налёту, які назапашваўся гадамі. Паводле слоў галоўнага кансерватара Паола Віяліні, "Апошні Суд" заставаўся адзінай фрэскай, яшчэ не ахопленай праграмай прафілактычнай кансервацыі.
Навукоўцы выявілі на паверхні рассеянае бялявае покрыва – вынік уздзеяння паветраных патокаў і мікрачасціц, якія паступова "з’ядалі" кантраст і глыбіню колераў майстра.
Навука на службе мастацтва
Праект з’яўляецца плёнам сумеснай працы цэлага шэрагу падраздзяленняў: Лабараторыі навуковых даследаванняў, Службы кансерватара і Фоталабараторыі Ватыканскіх музеяў. Галоўная мэта – вярнуць тую якасць святла і каляровую палітру, якую задумваў сам Мікеланджэла.
Фінансавую падтрымку гэтай высакароднай справе аказвае арганізацыя "Мецэнаты мастацтва Ватыканскіх музеяў ", якая аб’ядноўвае дабрачынцаў, пераважна са Злучаных Штатаў Амерыкі.