Пошук

Устаноўка рыштавання ў Сікстынскай капэле Устаноўка рыштавання ў Сікстынскай капэле  (© Governatorato SCV, Direzione dei Musei e dei Beni Culturali)

Клопат пра вечнасць: “лячэнне” фрэскі Мікеланджэла

Дырэктар Ватыканскіх музеяў раскрыла дэталі прафілактычных прац над фрэскай Мікеланджэла, патлумачыўшы выбар стацыянарных рыштаванняў і выкарыстанне новых навуковых метадаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля анансавання маштабнай праверкі стану “Апошняга суда”, Барбара Ята ў размове з Паола Андарца з італьянскай рэдакцыі "Vatican News" падкрэсліла, што гэты праект – не проста клінінг, а глыбокае навуковае даследаванне.

Паводле яе слоў, аперацыя будзе “надзвычайнай, але простай”: спецыялісты выдаляць налёт соляў, выкарыстоўваючы толькі дыстыляваную ваду і тонкую папяросную паперу, каб не пашкодзіць крохкі пласт фарбы.

Новы погляд праз трыццаць гадоў

Хоць папярэдняя вялікая рэстаўрацыя завяршылася ў 1990-х гадах, сённяшнія магчымасці навукі дазваляюць зазірнуць глыбей. Дырэктар патлумачыла, што Лабараторыя навуковых даследаванняў Ватыканскіх музеяў валодае інструментамі, якіх не існавала трыццаць гадоў таму, што дазволіць правесці ўнікальную верыфікацыю мінулых прац.

Сучасныя тэхналогіі дапамогуць пацвердзіць эфектыўнасць метадаў, выкарыстаных рэстаўратарамі мінулага пакалення

Рашэнне ўсталяваць фіксаваныя рыштаванні замест звычайных мабільных платформ было прынята для паскарэння працэсу. Барбара Ята адзначыла, што гэта дазволіць камандзе рэстаўратараў, навукоўцаў і кансерватараў працаваць адначасова і ў цеснай звязцы, каб завяршыць усе маніпуляцыі за тры месяцы.

Адкрытасць для свету і вернікаў

Важным аспектам з’яўляецца тое, што Сікстынская капэла ні на дзень не закрыецца для наведвальнікаў. Касцёл імкнецца заставацца празрыстым у сваёй дзейнасці па захаванні мастацтва. Дырэктар Ватыканскіх музеяў запэўніла, што інфармацыя пра кожны крок будзе даступная грамадскасці праз афіцыйныя каналы сувязі.

Барбара Ята падкрэсліла, што “Апошні суд” заслугоўвае максімальнай увагі, а прафесіяналізм ватыканскай каманды гарантуе захаванне яго бляску для наступных пакаленняў.
 

04 лютага 2026, 09:40