Уваход у новую залу судовых пасяджэнняў у Ватыкане Уваход у новую залу судовых пасяджэнняў у Ватыкане 

Апеляцыйны суд у Ватыкане: перапынак для прыняцця рашэння

Суд па справе аб фінансавых злоўжываннях у Ватыкане завяршыў папярэднюю стадыю апеляцыйнага разгляду. Старшыня суда арцыбіскуп Алехандра Арэльяна абвясціў перапынак для прыняцця рашэння.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На сёмым пасяджэнні апеляцыйнага суда, прысвечаным злоўжыванням у кіраванні маёмасцю Святога Пасада, бакі засяродзіліся на прававой прыродзе закона.

Сімвалічна, што падчас дыскусій, якія доўжыліся каля пяці гадзін, удзельнікі працэсу часта звярталіся да спадчыны святога Тамаша Аквінскага, чыя выява ўпрыгожвае залу суда. Пытанне аб тым, што робіць закон справядлівым і абавязковым, стала цэнтральным у спрэчках паміж абвінавачаннем і абаронай.

Галоўнай праблемай застаецца юрыдычная сіла папскіх рэскрыптаў, якія не былі апублікаваныя афіцыйна.

Адвакаты падсудных чарговы раз заявілі пра несапраўднасць спецпаўнамоцтваў, якія Папа Францішак надаў следству. Яны настойваюць: паколькі гэтыя акты не былі абнародаваныя, яны не могуць абмяжоўваць правы чалавека.

Прадстаўніца Дзяржаўнага сакратарыята Эліза Скароіна парыравала, што сакрэтнасць была вымушанай мерай. Паводле яе слоў, выдаванне дэталяў у момант, калі вырашаўся лёс лонданскай нерухомасці, магло пахіснуць фінансавую стабільнасць усёй Дзяржавы.

Абарона лічыць, што недахоп празрыстасці ў следстве парушае прынцып справядлівага суда.

Крытыка закранула і тэхнічны бок справы. Адвакаты звярнулі ўвагу суда на шматлікія пропускі ў матэрыялах: адрэдагаваныя відэазапісы допытаў мансеньёра Альберта Перласкі і схаваныя паведамленні ў месенджарах. Як заўважыў адвакат Фабіа Вільёнэ, немагчыма паўнавартасна абараняць чалавека, калі частка доказаў застаецца таямніцай для саміх удзельнікаў працэсу па прычыне “інтарэсаў следства”.

Завяршаючы пасяджэнне, бакі прапанавалі розныя шляхі выхаду з прававога тупіка. Абарона нават выказала думку звярнуцца па кансультацыю да Папы Льва XIV як да аўтарытэтнага юрыста, каб “прасвятліць” складаную сітуацыю. Аднак бок абвінавачання назваў усе прэтэнзіі беспадстаўнымі, лічачы, што працэдуры цалкам адпавядалі складанасці справы.

Цяпер суд павінен вырашыць, ці прызнаць папярэдняе следства законным, ці задаволіць патрабаванні аб ануляванні вынікаў.
 

06 лютага 2026, 09:04