Святы Пасад і Брацтва святога Пія Х: дыялог дзеля адзінства
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Кіраўнік Залы Друку Святога Пасада Матэа Бруні, адказваючы на пытанні журналістаў, падкрэсліў, што кантакты паміж бакамі не перапыняліся. Паводле яго слоў, існуе выразная воля пазбегнуць разрываў або аднабаковых рашэнняў адносна праблем, якія ўзніклі ў ходзе дыялогу.
Нагодаю для каментарыя Бруні стала заява Брацтва святога Пія Х. У паведамленні ад 2 лютага 2026 года былі анансаваны будучыя біскупскія пасвячэнні, запланаваныя на 1 ліпеня 2026 года. Яны павінны прайсці ў Міжнароднай семінарыі святога Жана Мары Віянэя ў Флавіньі-сюр-Азэрэн, што ў Францыі.
У сваёй заяве Брацтва спасылаецца на ліст, накіраваны ў Ватыкан, дзе тлумачылася "асаблівая неабходнасць забяспечыць пераемнасць служэння сваіх біскупаў". Прадстаўнікі супольнасці лічаць, што адказ Святога Пасада "ніякім чынам не адпавядае" іх запытам, што і падштурхнула іх да прыняцця рашэння аб пасвячэннях.
Святы Пасад паслядоўна працуе над тым, каб выхад з існуючага становішча не стаў вынікам аднабаковых дзеянняў, а быў знойдзены ў межах дыялогу.