Святы Пасад заклікае да салідарнасці ў абароне правоў чалавека
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Умацаванне наднацыянальных інстытутаў і развіццё шматбаковага дыялогу, скіраванага на агульнае дабро, з’яўляюцца неабходнымі ўмовамі для адказу на сучасныя выклікі, - адзначыў мансеньёр Хуан Антоніа Круз Серана, Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў (ААД) у Вашынгтоне.
Папскі дыпламат прыняў удзел у надзвычайнай сесіі Пастаяннага савета арганізацыі, якая адбылася 11 лютага 2026 года і была прысвечана дыялогу з Пастаяннымі назіральнікамі.
Прадстаўнік Святога Айца нагадаў, што Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў, якая абапіраецца на сталыя прынцыпы дэмакратыі, правоў чалавека, шматмернай бяспекі і інтэгральнага развіцця, паклікана адлюстроўваць цэласнае бачанне чалавечай асобы і грамадства.
Менавіта такую перспектыву Святы Пасад паслядоўна падтрымлівае на міжнароднай арэне, - сказаў ён, звяртаючы асаблівую ўвагу на значэнне дэмакратычнай культуры, “заснаванай на трывалых інстытутах і дыялогу як асноўным інструменце вырашэння канфліктаў”. Гэты падмурак, паводле папскага дыпламата, патрабуе пастаяннага ўмацавання.
Закранаючы тэму правоў чалавека, прадстаўнік Святога Пасаду падкрэсліў нязменную прыхільнасць Апостальскай Сталіцы “прасоўванню і абароне фундаментальных правоў, з асаблівай увагай да найбольш патрабуючых”. Сярод іх – права на жыццё ад зачацця да натуральнай смерці, а таксама рэлігійная свабода, якая “займае цэнтральнае месца не толькі як індывідуальнае права, але і як важная аснова мірнага суіснавання і павагі да разнастайнасці ў нашых грамадствах”.
“Барацьба з парушэннямі асноўных правоў чалавека, беднасцю, насіллем і экалагічнай дэградацыяй патрабуе каардынаваных і салідарных адказаў”, - падкрэсліў мансеньёр Круз Серана, запэўніваючы, што Святы Пасад можа прапанаваць “погляды, досвед і супрацоўніцтва”, каб зрабіць рэгіён “яшчэ больш мірным, устойлівым, адкрытым для мігрантаў і маргіналізаваных, адкрытым для ўсіх”.