Пошук

Галоўны ўваход у Інстытут рэлігійных спраў - Ватыканскі банк Галоўны ўваход у Інстытут рэлігійных спраў - Ватыканскі банк 

Ватыканскі банк уводзіць каталіцкія стандарты для інвестыцый

Інстытут рэлігійных спраў (IOR) прадставіў два новыя акцыянерныя індэксы, якія цалкам адпавядаюць прынцыпам каталіцкай этыкі і сацыяльнаму вучэнню Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ватыканскі банк зрабіў чарговы важны крок у кірунку адказнага фінансавання, абвясціўшы аб запуску індэксаў "Morningstar IOR Eurozone Catholic Principles" і "Morningstar IOR US Catholic Principles". Гэтыя інструменты, распрацаваныя ў супрацоўніцтве з вядучым пастаўшчыком незалежных аналітычных даных "Morningstar Indexes", павінны стаць арыенцірам для каталіцкіх інвестараў па ўсім свеце.

Прылада для празрыстага кіравання

Кожны з новых індэксаў уключае па пяцьдзясят эмітэнтаў – кампаній з сярэдняй і вялікай капіталізацыяй у Еўразоне і ЗША. Увядзенне гэтых параметраў дазваляе Інстытуту зрабіць працэсы ацэнкі эфектыўнасці і справаздачнасці яшчэ больш строгімі і празрыстымі, застаючыся верным сваёй місіі. Новыя індэксы інтэгруюць веру ў фінансавыя рашэнні, выкарыстоўваючы лепшыя сусветныя практыкі

Як адзначыў Джавані Боша, намеснік генеральнага дырэктара і адказны за кіраванне актывамі IOR, гэтая ініцыятыва пацвярджае імкненне ўстановы прытрымлівацца лепшых міжнародных фінансавых стандартаў у поўнай адпаведнасці з маральнымі прынцыпамі. Гэта не проста тэхнічны крок, а ўмацаванне ролі IOR як духоўнага і этычнага арыенціра ў свеце грошай.

Сусветны стандарт этычных інвестыцый

Прадстаўнік "Morningstar Indexes" Роберт Эдвардс падкрэсліў, што сучасныя інвестары ўсё часцей шукаюць інструменты, якія адлюстроўваюць іх каштоўнасці. Празрысты падыход і выкарыстанне выразных правіл гарантуюць, што каталіцкія стандарты будуць прымяняцца паслядоўна і аб’ектыўна ва ўсіх аперацыях.

Сёння Інстытут рэлігійных спраў абслугоўвае больш за 12 000 кліентаў у больш чым 110 краінах свету, застаючыся адзінай такога роду фінансавай установай у Ватыкане. Новая стратэгія дазволіць ім быць упэўненымі, што іх сродкі працуюць не толькі на прыбытак, але і на карысць чалавецтва, згодна з годнасцю асобы і клопатам пра агульны дом.
 

11 лютага 2026, 09:55