Падчас апеляцыйнага працэсу па справе аб фінансавых махінацыях і кіраванні сродкамі Святога Пасада Падчас апеляцыйнага працэсу па справе аб фінансавых махінацыях і кіраванні сродкамі Святога Пасада  (@Vatican Media)

Апеляцыйны працэс у Ватыкане: абарона патрабуе анулявання

У Ватыкане аднавіліся слуханні па апеляцыйнай справе аб кіраванні фінансамі Святога Пасада, падчас якіх адвакаты запатрабавалі поўнага анулявання вынікаў першай інстанцыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля 120-дзённага перапынку пятая сесія апеляцыйнага суда пад старшынствам арцыбіскупа Алехандра Арэльяна Сэдзілья была цалкам прысвечана заўвагам абароны.

Сальваторэ Чэрнуцыа з італьянскай рэдакцыі “Vatican News” паведамляе з Ватыкана, што сем адвакатаў засяродзілі ўвагу на "неэфектыўнасці" чатырох рэскрыптаў Папы Францішка, якія пашырылі паўнамоцтвы Прамотара справядлівасці. Паводле слоў абаронцаў, гэтыя дакументы сур’ёзна парушылі прынцып справядлівага судовага разбіральніцтва.

Асноўныя працэсуальныя пытанні датычыліся прававых нормаў

Асаблівую ўвагу выклікала выступленне Марыа Дзанкэці, адваката брокера Джанлуіджы Торцы. Ён назваў арышт свайго падабароннага "незаконным", бо той грунтаваўся на неапублікаваным рэскрыпце. Як адзначае Сальваторэ Чэрнуцыа, юрыст падкрэсліў: правы не могуць быць парушаны прававымі актамі, якія не былі афіцыйна абнародаваны, і прапанаваў суду прызнаць іх несапраўднымі для дадзенага працэсу.

Іншыя адвакаты, у тым ліку Луіджы Панэла, які абараняе Энрыка Краса, заявілі пра "сюррэалістычны карт-бланш", дадзены абвінавачванню. Абарона таксама паказала на няпоўную перадачу матэрыялаў справы Прамотарам справядлівасці Алесандра Дзідзі, што стварыла відавочны дысбаланс паміж бакамі і парушыла роўнасць удзельнікаў працэсу.

Новыя факты ў справе: сувязь з італьянскім расследаваннем

Яшчэ адным важным момантам стала згадка імя Паскуале Стрыяна, былога афіцэра Фінансавай гвардыі Італіі, якога вінавацяць у незаконным доступе да інфармацыйных сістэм. Высветлілася, што сярод асоб, чые даныя збіраліся незаконна, былі амаль усе фігуранты ватыканскага працэсу. Доступы да баз даных адбываліся яшчэ ў маі 2019 года - задоўга да афіцыйнай заявы, якая дала пачатак расследаванню.

Фабіа Вільёнэ, адвакат кардынала Джавані Анджэла Бэчу, адзначыў крытычную адсутнасць сіметрыі ў ведах бакоў, паколькі абарона не атрымала копій многіх канфіскаваных прылад. У сувязі з гэтым юрысты звярнуліся да суда з просьбай запатрабаваць матэрыялы італьянскага працэсу над Стрыяна, лічачы гэта чарговым доказам несапраўднасці ўсяго ватыканскага разбіральніцтва.

Слуханні працягнуцца 4 лютага 2026 года раніцай.
 

04 лютага 2026, 09:20