Рэкалекцыі ў Ватыкане: несці надзею, бо роспач не мае апошняга слова
Марыя Валодзіна - Vatican News
Увечары 27 лютага 2026 года ў капліцы Паўла ІІІ у Апостальскім палацы прагучала адзінаццатая і заключная велікапосная медытацыя для Папы і Рымскай курыі. Яе асноўнае пасланне: дзякуючы Муцы і Уваскрасенню Хрыста Божая любоў увайшла ў чалавечыя пакуты — нават у самых крайніх іх праявах, дасягаючы саміх глыбінь пекла. Таму ніводная чалавечая роспач не з’яўляецца канчатковай. Менавіта гэтая Добрая Навіна сёння асабліва патрэбная маладым людзям, якія жывуць “з цяжкім сэрцам”, - лічыць манах-трапіст, ардынарый Тронхейма і старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Скандынавіі.
Надзея – гэта праца дзеля чалавецтва
Біскуп Варден падкрэсліў, што Хрыстус заклікае нас несці надзею свету, але хрысціянская надзея не азначае абавязковы аптымізм. Яна азначае нястомную працу дзеля новага і здаровага чалавецтва, збудаванага на любові і справядлівасці. На практыцы гэта значыць жыць паводле запаведзяў, давяраючы Богу і супрацоўнічаючы з Ім. Надзея, якую Ён нам даручае, – гэта не надзея на тое, што “даліна слёз” стане проста больш мадэрнізаванай, алічбаванай і зручнай. Гэта надзея “на новае неба і новую зямлю, на ўваскрасенне мёртвых”, - падкрэсліў трапіст.
Знакі новай рэлігійнай свядомасці сярод моладзі
Другі Ватыканскі сабор даручыў Касцёлу абвяшчаць Хрыста так, каб Ён быў пераканаўчым адказам на самыя вострыя пытанні сучаснасці, не ставячы пад пагрозу святую спадчыну вучэння. І сёння, праз 60 гадоў пасля яго заканчэння, адзначаюцца пазітыўныя прыкметы: новая рэлігійная свядомасць сярод моладзі, вяртанне паняцця ісціны ў публічны дыскурс; пошук каранёў. Аднак, на жаль, глабальныя інстытуты і альянсы рушацца, і мы сутыкаемся са стратэгічнымі, экалагічнымі і ідэалагічнымі небяспекамі. Таму людзі з цвярозым розумам і добрай воляй, "якія стаміліся будаваць сваё жыццё на пяску, шукаюць цвёрдую скалу" і іх сэрца застаецца неспакойным, - сказаў прапаведнік.
Вокліч смутку на канцэрце маладой спявачкі
У якасці прыкладу ран сучаснай моладзі біскуп Вардэн прывёў канцэрт амерыканскай спявачкі Грэйсі Абрамс (Gracie Abrams) у Мадрыдзе 8 лютага 2025 года. У яе песнях ён адчуў “ пранізлівую тугу, якая мяжуе з роспаччу, а можа і дакранаецца да яе”, крык нашай эпохі, які нельга проста спісаць на “фетышызацыю адчаю”. Згуртаваны малады натоўп падхопліваў гэты крык “мелодыя за меланхалічнай мелодыяй”. Па словах нарвежскага біскупа, кожны, хто працуе з моладдзю або спавядае, ведае: усведамленне ўласнай параненасці “пранізвае наш час, нібы дымная імгла”.
Не – культуры “вясёлага Евангелля”
Прапаведнік заклікаў Касцёл не паддавацца спакусе прапанаваць свету занадта спрошчанае і “вясёлае” Евангелле. Сапраўдная надзея нараджаецца з сузірання распятага Хрыста і прызнання абсалютнай цэнтральнасці Яго збаўчай Мукі. Патрэбна мужнасць, каб ісці гэтым шляхам у наш час, калі “нефы старажытных сабораў, зацененыя крыжамі, ператвараюцца ў палі для міні-гольфа”.
На думку біскупа Вардэна, сучаснае грамадства супярэчліва ставіцца да ран: або робіць іх знакам ідэнтычнасці, або імкнецца сцерці, выцясняючы “непрадуктыўных” людзей як непатрэбных, што асабліва бачна ў спрэчках пра аборт і эўтаназію.
Раны могуць стаць крыніцай аздараўлення
Аслабленне ўвагі грамадства да постаці распятага Хрыста, параненага, але не пераможанага, мае дачыненне да ўсяго гэтага, - лічыць прапаведнік. Хрысціянская традыцыя, якая стагоддзямі ўшаноўвала раны Хрыста, вучыла эмпатыі і павазе да таямніцы чалавечых пакут. Крыж дазваляе нам прыняць рэальнасць, адначасова сцвярджаючы, што раны не канчатковыя, яны могуць быць вылечаны і нават стаць крыніцай аздараўлення, калі на іх “праліваюць алей і віно Хрыста".
Напрыканцы медытацыі нарвежскі трапіст звярнуўся да спадчыны святога Бернарда. Ён нагадаў яго словы аб тым, што жыццёвыя выпрабаванні падобныя да родаў, якія дазваляюць нам зразумець, што значыць быць жывым. Ён дадаў: “слава – у болі, як плод – у зерні”.
Хрыстус застаецца нашым светачам, а Яго лагоднае святло, "нават схаванае, поўнае радасці", - заключыў сваё апошняе велікапоснае разважанне біскуп Вардэн.