Пошук

Папа падчас велікапосных рэкалекцый Папа падчас велікапосных рэкалекцый  (@Vatican Media)

Рэкалекцыі ў Ватыкане: Езус – адказ Бога на пакуты людзей

Рэальнасць – гэта крык аб Божай міласэрнасці, - падкрэсліў біскуп Эрык Вардэн у дзявятай медытацыі рэкалекцый Папы і Рымскай курыі. Яна прагучала ў Ватыкане ўвечары 26 лютага 2026 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Нарвежскі трапіст заўважыў, што на пачатку святы Бернард Клервоскі быў бескампрамісным ідэалістам, але з цягам часу змякчэў – ператварыўся з ідэаліста ў рэаліста.

“Ён стаў рэалістам не толькі ў сэнсе прыняцця рэчаў такімі, якімі яны ёсць. Перш за ўсё ён зразумеў, што найглыбейшая рэальнасць усіх чалавечых спраў – гэта крык аб міласэрнасці”, - сказаў прапаведнік.

Езус – адказ Бога на пакуты людзей

“Чым больш ён распазнаваў гэты крык у чалавечых сэрцах, у горкіх слязах, у свецкіх канфліктах, у вар’яцкіх кампаніях супраць прыстойнасці і праўды, а таксама ў шэпце лясных дрэў, тым мацней усведамляў ласкавы і міласэрны адказ Бога. Ён чуў яго ў святым імені Езуса, якое стала для яго невымоўна дарагім. У Езусе Бог адкрывае свой збаўчы намер, выліваючы яго на чалавецтва, як духмяны, гаючы і ачышчальны алей”, - дадаў іерарх.

“Кожная ежа для розуму – казаў Бернард сваім манахам – сухая, калі не змочана гэтым алеем; безгустоўная, калі не прыправлена той соллю. Пішыце, што хочаце – я не буду мець з гэтага асалоды, калі там не гаворыцца пра Езуса. Гаварыце і спрачайцеся пра што хочаце – я не буду мець з гэтага асалоды, калі вы выключаеце імя Езуса. Езус для мяне – мёд у вуснах, музыка ў вушах, песня ў сэрцы”.

Разглядаць сітуацыі, людзей і адносіны ў святле Езуса

“Бернард ведаў, якія цуды можа ўчыніць Божая міласэрнасць у Езусе. Гэта надавала яго пабожнасці пачуццёвую глыбіню. Паняцце “affectus” займае ў яго цэнтральнае месца. Яно мае шырокі змест, паказваючы, што ласка ўздзейнічае на нас як на істотаў, здольных адчуваць. Але Бернард лічыў Езуса, Уцелаўлёную Праўду, таксама герменеўтычным прынцыпам. Ён разглядаў сітуацыі, асобы і адносіны рашуча ў святле Езуса. Такое бачанне прынесла яму шчырых прыхільнікаў далёка па-за межамі каталіцкага свету – ад Марціна Лютэра да Джона Уэслі”, - заўважыў рэкалекцыяніст.

Веданне любові Хрыста – шлях да рэалізму

“Гэта рэалізм, да якога саспеў Бэрнард. Ён дазволіў Бэрнарду стаць не толькі ўзнёслым рэфарматарам, непераўзыдзеным прамоўцам, правадыром Касцёла. Веданне абсалютнай рэальнасці любові Хрыста і яе ўсёперамяняльнай моцы зрабіла Бэрнарда Доктарам і святым. І таму мы любім і шануем яго”, - падкрэсліў біскуп Вардэн.

Свабодны чалавек - слаўнае відовішча

“Ён быў – кажа “Vita Prima” – у згодзе з самім сабой”. Вось чаму навучыла яго жыццё. Па-сапраўднаму свабодны чалавек – гэта слаўнае відовішча”, - завяршыў медытацыю прапаведнік.
 

27 лютага 2026, 09:16