Ратцынгер і Касцёл, які прымае, захоўваючы свабоду
Тэкст: Андрэа Тарніелі / Адаптацыя: Марыя Валодзіна
“Пакутуючы, яна навучылася дазваляць яму ісці сваім шляхам, без абмежаванняў. Яна навучылася мірыцца з тым, што яго шлях быў зусім іншым", - так казаў кардынал Ёзэф Ратцынгер пра маці святога Аўгустына падчас асвячэння парафіяльнага касцёла святой Монікі ў Мюнхене 29 лістапада 1981 года, усяго праз чатыры дні пасля яго прызначэння прэфектам Кангрэгацыі веравучэння.
Вобраз Ратцынгера – аўтара той гаміліі, значна адрозніваецца ад таго вобраза, які спрабуюць намаляваць некаторыя крытыкі, выбіраючы асобныя месцы з яго вучэння, каб супрацьпаставіць яго наступнікам. Гамілія, раней даступная толькі на нямецкай мове, апублікавана па-італьянску ў зборніку “Вера будучыні” (Выдавецтва “Сantagalli”) з прадмовай Кардынала-Дзяржсакратара П'етра Параліна.
Тагачасны арцыбіскуп Мюнхенскі апісваў постаць святой Монікі як жывы прыклад таго, чым з’яўляецца Касцёл у сваёй глыбокай сутнасці. Ратцынгер пісаў, што для святога Аўгустына Касцёл быў не нейкай далёкай і незразумелай структурай, а “асобай”, якая дазваляла яму адчуць увагу і клопат. Святая Моніка не толькі падарыла сыну цялеснае жыццё, але і “прастору сэрца”, дзе ён мог стаць сапраўдным чалавекам. Чалавек мае патрэбу ў прасторы даверу, любові і сэнсу, які дазваляе яму ісці ў будучыню", - сцвярджаў кардынал Ратцынгер.
Гэтая “прастора жыцця” не мае нічога агульнага з касцёльнымі структурамі ці закрытымі супольнасцямі, дзе людзі ізалююцца ад свету і пастаянна яго асуджаюць. Наадварот, гэта вобраз Касцёла, які прымае ўсіх, паважае свабоду і час кожнага чалавека. Менавіта так адносілася святая Моніка да сына: яна лічыла важным, каб ён быў вольным. Вольным памыляцца, вольным ісці за сваімі пачуццямі. Святая Моніка разумела, што трэба прыняць канфлікт пакаленняў. Пакутуючы, яна навучылася дазваляць яму ісці сваім шляхам, без абмежаванняў. Яна навучылася мірыцца з тым, што яго шлях быў зусім іншым, чым яна думала, і ўсё ж любіць яго, быць побач, не пакідаць яго, пры гэтым захоўваючы яго свабоду. І менавіта так, не навязваючы, яна перадала яму веру.
Гэтыя павучальныя словы важныя для бацькоў, настаўнікаў і ўсіх, хто абвяшчае Евангелле. Касцёл – гэта “прастора жыцця, свабоды і надзеі”.
Будучы Папа казаў: “Я лічу, што сёння многія ставяцца да Касцёла з падазронасцю і нянавісцю, бо мала адчуваюць Касцёл як асобу, вельмі мала Касцёла асабіста. Мы чуем пра яго толькі як пра структуру, офіс ці апарат. Але Касцёл будзе існаваць, і мы зможам укараніцца ў ім, ён стане нашай духоўнай радзімай, толькі калі ён будзе працягваць існаваць у людзях. Гэта прастора, усе прасторы – нават залы, дзе мы сустракаемся і праводзім вольны час – павінны дапамагчы нам стаць Касцёлам адзін для аднаго, асабіста, стаць прасторай для жыцця, маці, кімсьці, хто дае падтрымку і магчымасці жыць”.
Касцёл як "палявы шпіталь", які суправаджае чалавека, лечыць любоўю самыя глыбокія раны і дае адчуванне дому.