Прэм’ер-міністр Албаніі здзейсніў візіт у Ватыкан

Адносіны паміж Святым Пасадам і Албаніяй, рэгіянальныя выклікі і шлях краіны да поўнай інтэграцыі ў Еўрапейскі Саюз – гэтыя тэмы абмяркоўваліся падчас візіту старшыні албанскага ўраду ў Ватыкан.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

5 лютага 2026 года Папа Леў XIV прыняў на аўдыенцыі прэм’ер-міністра Албаніі Эдзі Рама. Затым палітык сустрэўся з кардыналам-дзяржсакратаром П’етра Паралінам, якога суправаджаў сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

“Падчас сардэчных размоў у Дзяржаўным сакратарыяце былі адзначаны добрыя адносіны, якія існуюць паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Албанія, а таксама былі закрануты тэмы, што ўяўляюць узаемную цікавасць і датычацца адносін паміж касцёльнай і грамадзянскай супольнасцямі”, - паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.

У кароткім ватыканскім камюніке адзначаецца, што “ў далейшым ходзе размовы ўвага была нададзена таксама асноўным рэгіянальным пытанням, у тым ліку сітуацыі ў краінах Заходніх Балканаў і шляху Албаніі да поўнай інтэграцыі ў Еўрапейскі Саюз”.
 

05 лютага 2026, 12:38