Кардынал Паралін: Марыя аздараўляе ад пыхі, якая падзяляе людзей

8 лютага 2026 года Дзяржаўны сакратар узначаліў урачыстую святую Імшу ў санктуарыі ў Монтэ-Бэрыка каля Вічэнцы з нагоды адкрыцця Марыйнага Юбілейнага года. Падзея прымеркаваная да 600-годдзя аб’яўлення Маці Божай у гэтых мясцінах.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У гаміліі кардынал Паралін нагадаў, што 7 сакавіка 1426 года Панна Марыя аб’явілася простай сялянцы Вінчэнцы Пазіні на ўзгорку Монтэ-Берыка. Пасля гэтага эпідэмія чумы, якая спусташала горад, спынілася. З таго часу санктуарый, прысвечаны Маці Божай Міласэрнасці і даручаны ордэну служак Марыі, стаў месцам пілігрымак шматлікіх вернікаў.

Іерарх адзначыў, што “Марыя заклікае нас дазволіць Богу гаварыць у Хрысце. Запрашае да ўнутранай цішыні і здольнасці слухаць голас Пана. Толькі так Вічэнца, Венета і ўсе пілігрымы, якія прыедуць сюды ў гэты юбілейны год, змогуць адчыніць “зачыненыя дзверы”, аднавіць зламаныя і няскончаныя лёсы, вызваліць месца для радыкальнай роўнасці і пераадолець пачуццё перавагі, якое падзяляе людзей”.

Школа чалавечнасці для сучаснага грамадства

Дзяржсакратар папярэдзіў, што і сёння чалавечыя словы могуць занявольваць цела і дух. Ён падкрэсліў, што толькі калі “дазволіць Богу гаварыць у Хрысце”, можна аднавіць сапраўдную свабоду, роўнасць і годнасць кожнага чалавека, адкрыўшы будучыню для ўсіх, а не толькі для кагосьці. Кардынал Паралін заклікаў вернікаў нанова адкрыць "тую сапраўдную школу чалавечнасці, якая, гледзячы на Марыю, ацаляе горад ад сацыяльнай варожасці, што, як чума, забівае цела і дух, ізалюючы кожнага ў сваіх страхах і кашмарах".

Марыйны Юбілей у Вічэнцы будзе доўжыцца ўвесь год і ўключыць малітоўныя, духоўныя і культурныя мерапрыемствы, арганізаваныя дыяцэзіяй, ордэнам служак Марыі, мясцовымі ўладамі і рэгіёнам Венета.

Размова з журналістамі пасля набажэнства

Адказваючы на пытанні журналістаў пасля Імшы, кардынал Паралін, які паходзіць з гэтых мясцін, нагадаў пра сваю асабістую сувязь з Монтэ-Берыка. Ён адзначыў, што Маці Божая заўсёды суправаджала яго жыццё, і ў радасныя, і ў цяжкія моманты, і назваў санктуарый “бяспечнай гаванню”, куды ён заўсёды з задавальненнем вяртаецца.

Закранаючы бягучыя падзеі, Дзяржсакратар падкрэсліў, што місія Святога Пасада і яго дыпламатыі – служыць справе міру, пачынаючы з вучэння Папы і штодзённых намаганняў па прадухіленні, пасрэдніцтве і вырашэнні канфліктаў. Гаворачы пра Украіну, ён выказаў надзею на завяршэнне вайны і адзначыў важнасць самога факту перамоў: “Тое, што ідуць перамовы, ужо вельмі важна. Паглядзім, якія будуць вынікі", - заўважыў Паралін.

Акрамя таго, ён нагадаў пра значэнне спорту як паслання згоды, братэрства і міру, заклікаўшы да захавання алімпійскага перамір’я падчас зімовых Алімпійскіх гульняў - 2026.

Кардынал Паралін з прэзідэнтам Італіі Матарэлай, дачкой кіраўніка дзяржавы Лаурай і прэм'ер-міністрам Італіі Мелоні на адкрыцці зімовых Алімпійскіх гульняў - 2026
Кардынал Паралін з прэзідэнтам Італіі Матарэлай, дачкой кіраўніка дзяржавы Лаурай і прэм'ер-міністрам Італіі Мелоні на адкрыцці зімовых Алімпійскіх гульняў - 2026
09 лютага 2026, 11:54