Пошук

Манахі-трапісты з Тыбірына ў Алжыры Манахі-трапісты з Тыбірына ў Алжыры 

Турнэ выставы пра алжырскіх мучанікаў: ад Рыма да Нью-Ёрка

Выстава “Двойчы пакліканыя”, прысвечаная 19 хрысціянскім мучанікам, забітым у Алжыры, пачынае маштабнае міжнароднае падарожжа па найбуйнейшых гарадах свету.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Экспазіцыя, падрыхтаваная міжнародным фондам “Oasis” сумесна з Ватыканскім выдавецтвам, распавядае гісторыю вернасці, якая пераадолела жахі грамадзянскай вайны ў Алжыры трыццаць гадоў таму.

Сярод герояў выставы – манахі з Тыбірына, вядомыя свету па стужцы “Аб людзях і багах”, і біскуп П’ер Клаверы, які загінуў разам са сваім сябрам-мусульманінам. Назва праекта падкрэслівае глыбокі сэнс іх ахвяры: гэтыя людзі засталіся вернымі як свайму манаскаму пакліканню, так і алжырскаму народу, сярод якога вырашылі застацца да канца.

Ужо 13 лютага 2026 года выстава адкрыецца ў Нью-Ёрку ў межах “New York Encounter”, дзе пройдзе круглы стол з удзелам пастулатара беатыфікацыйнай справы айца Томаса Джарджона. Пасля амерыканскага этапу экспазіцыя вернецца ў Еўропу: 10 сакавіка яе прэзентуюць у парыжскім “Collège des Bernardins”, а ў Рыме яна будзе даступная ў касцёле святых Вінцэнта і Анастасія.

У Мілане 12 сакавіка ў Базіліцы Санта-Марыя-дэла-Пасіёнэ адбудзецца дыскусія з удзелам біскупа Арана Давідэ Карара. Завершыцца італьянскі цыкл мерапрыемстваў велікапоснай сустрэчай у міланскай архікатэдры 20 сакавіка, якую правядуць арцыбіскуп Марыа Дэльпіні і алжырскі кардынал Жан-Поль Веско.

Напрыканцы сакавіка выстава накіруецца ў Оксфард, працягваючы сваю місію заахвочвання дыялогу паміж хрысціянамі і мусульманамі.
 

10 лютага 2026, 09:37