Анёлы як ахоўнікі святасці: восьмая медытацыя біскупа Вардэна
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У чацвер, 26 лютага 2026 года, біскуп Эрык Вардэн прадставіў чарговы этап духоўных разважанняў на тэму “Анёлы Божыя”. Асновай для медытацыі стала спакушэнне Хрыста ў пустыні, дзе сатана маніпуляваў словамі Псальма аб анёльскай дапамозе. Іерарх падкрэсліў, што толькі Бог можа запрасіць чалавека да рызыкоўнага кроку, але Яго заклік заўсёды гучыць як “скок у Мае абдымкі”, а не патрабаванне кінуцца ў бездань.
Звяртаючыся да традыцыі святога Бернарда Клервоскага, біскуп Вардэн адзначыў, што анёлы выступаюць медыятарамі Божага Провіду. Хоць Створца можа дакранацца да нас непасрэдна, Яму прыемна, калі Яго стварэнні становяцца каналамі ласкі адно для аднаго.
Асаблівую ўвагу іерарх надаў апошняму акту анёльскай міласэрнасці – суправаджэнню чалавека ў гадзіну смерці. У гэты момант, паводле слоў біскупа, знікае ўсялякая рыторыка і прытворства, а застаецца толькі голая праўда, сугучная з Божай міласэрнасцю.
У рэчышчы ідэй святога Джона Генры Ньюмэна, біскуп Вардэн заклікаў пераасэнсаваць працу настаўніка і святара як анёльскую місію асвятлення. У свеце, дзе адукацыя ўсё часцей дэлегуецца штучнаму інтэлекту, маладыя людзі прагнуць сустрэчы з настаўнікамі, вартымі даверу, здольнымі перадаваць не проста навыкі, а сапраўдную мудрасць.
Такі “анёльскі” падыход патрабуе асабістай прысутнасці і інтэлектуальнай сумленнасці, якія застаюцца непаўторнымі ў лічбавую эпоху.