Пошук

Леў XIV падчас візіту ў Дыкастэрыю па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека Леў XIV падчас візіту ў Дыкастэрыю па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека  (ANSA)

Кардынал Уэле: улада свецкіх у Курыі – прагрэс ці саступка?

Кардынал Марк Уэле аналізуе тэалагічныя падставы прызначэння свецкіх на высокія пасады ў структурах Святога Пасада, бачачы ў гэтым не проста адміністрацыйную рэформу, а глыбокі эклезіялагічны прагрэс.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прэфект-эмерыт Дыкастэрыі па справах біскупаў у сваім артыкуле разважае над рашэннямі Папы Францішка, якія дазволілі свецкім і манахіням займаць кіраўнічыя пасады ў Рымскай курыі, што традыцыйна заставаліся за духоўнымі асобамі. Гэтая інавацыя, паводле іерарха, грунтуецца на сінадальным прынцыпе і патрабуе больш актыўнага ўдзелу вернікаў у місіі Касцёла.

Ад канонаў да тэалогіі Духа

Кардынал Уэле прапануе выйсці за межы вузкіх кананічных спрэчак аб суадносінах улады пасвячэння і юрысдыкцыі. Ён падкрэслівае, што хоць сакрамэнт пасвячэння з’яўляецца крыніцай функцый навучання, асвячэння і кіравання, ён не павінен лічыцца выключнай крыніцай любога кіравання ў Касцёле.

Аўтар звяртае ўвагу на “пнеўматалагічны дэфіцыт” у сучаснай тэалогіі сакрамэнтаў, заклікаючы больш глыбока ўсвядоміць ролю Духа Святога, Які дзейнічае праз харызму.

Харызма як аснова ўлады

На думку іерарха, у такіх сферах, як кіраванне персаналам, здзяйсненне правасуддзя, культурнае і палітычнае распазнанне, адміністраванне фінансаў ці экуменічны дыялог, кампетэнцыі свецкіх, пацверджаныя іх харызмай, маюць уласную вагу аўтарытэту.

Кардынал Уэле падкрэслівае, што ў гэтых галінах сакрамэнтальнае пасвячэнне не з'яўляецца неабходным, і нават можа быць дарэчна, каб кампетэнцыя была іншага парадку. Прызначэнне свецкіх не азначае замену іерархічнага кіравання харызматычным, але прадугледжвае іх гарманічную інтэграцыю ў структуры Курыі.

Іерарх нагадвае гістарычны вопыт Касцёла, які паказвае, што традыцыя вялікіх манаскіх ордэнаў і розных форм паслугі заўсёды прадугледжвала ўнутранае кіраванне на аснове харызмы, калі яна была афіцыйна прызнана іерархічнай уладай. Кардынал прыводзіць прыклад капелана законніц, які не можа прысвойваць сабе права навязваць свае меркаванні асобам, адказным за суполку, якую ён абслугоўвае. Пастырскае служэнне не можа падмяняць сабой аўтарытэт харызмы.

Свецкія кампетэнцыі ўзмацняюць місію

Кардынал Уэле тлумачыць, што Папа прызначае жанчын на высокія пасады не выпадкова. Ён давярае тым, хто мае даведзены вопыт і харызму ў сваёй сферы. Пры гэтым канчатковая адказнасць заўсёды застаецца ў руках Святога Айца.

На думку іерарха, дыкастэрыі, якія займаюцца камунікацыяй, кіраваннем Дзяржавай Ватыкан, развіццём чалавека, сям'ёй, свецкімі ці кансэкраванымі, цалкам могуць узначальваць кампетэнтныя свецкія людзі ці манахіні. Калі іх харызму прызнала Вярхоўная ўлада, гэта не зніжае каштоўнасці іх службы. Тое, што яны не маюць святарскага пасвячэння, не робіць іх менш аўтарытэтнымі ў адпаведных сферах.

Гэта дазваляе Касцёлу быць больш місійным і рэлевантным у сучасным грамадстве, паколькі харызмы Духа Святога маюць сваю вагу аўтарытэту ў галінах, дзе сакрамэнтальнае пасвячэнне не з'яўляецца неабходным.
 

16 лютага 2026, 13:00