Пошук

Папа і іерархі Рымскай курыі на рэкалекцыях у Ватыкане Папа і іерархі Рымскай курыі на рэкалекцыях у Ватыкане  (ANSA)

Цэласнасць чалавечай прыроды: шостая медытацыя ў Ватыкане

Навучыцца адчуваць сябе аднолькава свабодна як у нашай цялеснай, так і ў нашай духоўнай прыродзе, каб Хрыстус мог валадарыць у абедзвюх, - заклікаў біскуп Эрык Вардэн у шостай медытацыі велікапосных рэкалекцый для Папы і Рымскай курыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Падзенні могуць зрабіць нас пакорнымі, калі мы раздзьмутыя пыхай. Яны могуць паказаць збаўчую моц Бога. Яны могуць стаць вехамі асабістага шляху збаўлення, якія варта ўспамінаць з удзячнасцю”, - заўважыў прапаведнік раніцай 25 лютага 2026 года.

Не ўсе падзенні заканчваюцца трыумфам

Біскуп нагадаў таксама, што “не ўсе падзенні заканчваюцца трыумфам” – некаторыя з іх пахнуць пеклам, нясуць разбурэнне і закранаюць мноства нявінных людзей. Найбольш балючы крызіс Касцёла быў выкліканы не знешнім пераследам, а сапсутасцю і злоўжываннямі, што выраслі ўнутры яго самога, - нагадаў іерарх.

Прычыны духоўных катастрофаў

Разважаючы пра прычыны духоўных катастрофаў, прапаведнік папярэдзіў пра небяспеку спрошчаных тлумачэнняў. “Мы намагаемся знайсці раннія трывожныя сігналы, якія былі праігнараваныя: нейкую памылку ў распазнанні, першапачатковую мадэль адхілення. Часам гэтыя сляды існуюць, і мы маем рацыю, калі папракаем сябе за тое, што не распазналі іх своечасова. Але мы знаходзім іх не заўсёды”, - сказаў іерарх, нагадваючы, што супольнасці, якія апынуліся ў цэнтры скандалаў, нярэдка нараджаліся з сапраўднага імпульсу дабра і нават са знакам святасці.

Духоўная барацьба

Біскуп Вардэн заўважыў, што свецкая логіка хутка дзеліць людзей на “монстраў” і “ахвяраў”, але святы Бернард Клервоскі прапануе больш глыбокі аналіз, нагадваючы, што там, дзе людзі імкнуцца да высакародных мэтаў, духоўная барацьба становіцца больш складанай, а д’ябальскія напады – асабліва лютымі, бо ў іх выкарыстоўваецца найбольш смяротная зброя.

Цэласнасць чалавечай прароды

Святы Бернард, аднак, “не прыпісвае ўсе духоўныя хваробы злым істотам з рагамі і віламі”: “ён лічыць людзей адказнымі за тое, як яны карыстаюцца сваёй суверэннай свабодай”. У той жа час ён падкрэслівае цэласнасць чалавечай прыроды і заклікае клапаціцца пра ўсе яе вымярэнні: духоўнае, фізічнае, эмацыйнае.

“Цэласнасць духоўнага настаўніка выявіцца ў яго размове і вучэнні, але не толькі; яна будзе бачная і ў яго паводзінах у інтэрнэце, у яго манеры паводзіць сябе за сталом і ў бары, у яго свабодзе ад чужой ліслівасці”, - сцвердзіў нарвежскі біскуп.

Духоўнае жыццё – душа існавання

“Духоўнае жыццё – гэта не дадатак да астатняга існавання. Гэта яго душа. Мы павінны сцерагчыся ўсялякага дуалізму, заўсёды памятаючы, што Слова стала целам, каб нашае цела было прасякнутае Логасам”, - сказаў іерарх, заклікаючы “навучыцца адчуваць сябе аднолькава свабодна як у нашай цялеснай, так і ў нашай духоўнай прыродзе, каб Хрыстус, наш Настаўнік, мог мірна валадарыць у абедзвюх”.
 

25 лютага 2026, 10:58