Пошук

Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс і настаяцель Брацтва святога Пія X ксёндз Давідэ Пальярані падчас афіцыйнай сустрэчы ў Ватыкане Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс і настаяцель Брацтва святога Пія X ксёндз Давідэ Пальярані падчас афіцыйнай сустрэчы ў Ватыкане 

Святы Пасад і Брацтва святога Пія X: дыялог аб адзінстве

Святы Пасад прапанаваў Брацтву святога Пія X новы этап тэалагічнага дыялогу, які мае на мэце вызначэнне неабходных умоў для аднаўлення поўнай касцельнай супольнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

12 лютага 2026 года ў Дыкастэрыі веравучэння адбылася сустрэча прэфекта Дыкастэрыі веравучэння кардынала Віктара Мануэля Фернандэса з генеральным настаяцелем Брацтва святога Пія X ксяндзом Давідэ Пальярані.

Падчас шчырай размовы, санкцыянаванай Папам Львом XIV, яны абмеркавалі перспектывы далейшага ўзаемадзеяння і вырашэння існуючых тэалагічных рознагалоссяў, гаворыыца ў заяве, падпісанай кардыналам Фернандэсам.

Баў закрануты шэраг пытанняў, якія ўздымаліся Брацтвам у лістах 2017-2019 гадоў, у прыватнасці дыскусійную тэму Божай волі адносна плюралізму рэлігій. Кардынал Фернандэс выступіў з ініцыятывай распачаць спецыялізаваны тэалагічны працэс з выразнай метадалогіяй для праяснення тэм, якія дагэтуль выклікаюць рознагалоссі.

Сярод ключавых пытанняў – адрозненне паміж актам Боскай веры і "рэлігійнай паслухмянасцю розуму і волі", а таксама розныя ступені далучэння, якіх патрабуюць дакументы Другога Ватыканскага Сабора і іх аўтэнтычная інтэрпрэтацыя.

Таксама было прапанавана разгледзець спіс тэм, акрэсленых самім Брацтвам у лісце ад 17 студзеня 2019 года. Мэта гэтага працэсу – вызначыць "неабходны мінімум" для аднаўлення поўнай супольнасці з Каталіцкім Касцёлам, што дазволіць урэгуляваць кананічны статус Брацтва.

Асобная ўвага была нададзена пытанню магчымай біскупскай кансэкрацыі. Святы Пасад цвёрда нагадаў, што пасвячэнне біскупаў без мандата Папы, які валодае найвышэйшай, поўнай і непасрэднай уладай у Касцёле, будзе кваліфікавацца як схізма – разрыў касцельнай супольнасці з цяжкімі наступствамі для ўсяго Брацтва. Таму магчымасць далейшага дыялогу наўпрост залежыць ад рашэння Брацтва адмовіцца ад абвешчаных раней пасвячэнняў.

Генеральны настаяцель паабяцаў прадставіць гэтую прапанову сваёй радзе і даць адказ Дыкастэрыі. У выпадку згоды бакі сумесна вызначаць этапы і працэдуры далейшага ўзаемадзеяння.

У спецыяльным паведамленні Дыкастэрыя веравучэння заклікае ўвесь Касцёл да малітвы аб паспяховым завяршэнні гэтага працэсу.

12 лютага 2026, 13:06