Святы Пасад пра этычныя межы трансплантацыі і біяінжынерыі
Марыя Валодзіна - Vatican News
3 лютага 2026 года пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе выступіў на 158-й сесіі Выканаўчай рады СААЗ. Ён закрануў ключавыя пытанні трансплантацыі органаў і псіхічнага здароўя.
Донарства і трансплантацыя органаў
Арцыбіскуп Балестрэра нагадаў, што Святы Пасад разглядае донарства органаў і тканак пасля смерці як высакародны і годны павагі ўчынак і глыбокі выраз "шчодрай салідарнасці”, аднак настойвае на тым, каб трансплантацыя заўсёды ажыццяўлялася з захаваннем этычных норм і пры павазе чалавечай годнасці. Ён падкрэсліў, што чалавечае цела ніколі не павінна прыніжацца або разглядацца як аб'ект гандлю.
Ксенатрансплантацыя
Ватыканскі дыпламат надаў асаблівую ўвагу пытанням развіцця біятэхналогій і ксенатрансплантацыі, падкрэсліўшы неабходнасць строгага выканання трох умоў: гарантыі бяспекі рэцыпіентаў, якія атрымліваюць орган жывёльнага паходжання; захавання іх асабістай ідэнтычнасці; і адказнага стаўлення да дабрабыту жывёл. Ён падкрэсліў, што некаторыя віды трансплантацыі, у тым ліку перасадка рэпрадуктыўных органаў або частак мозгу, якія адказваюць за індывідуальнасць чалавека, з’яўляюцца маральна непрымальнымі.
Біяінжынерыя
Што тычыцца біятэхналогій, прадстаўнік Святога Пасада рашуча асудзіў выкарыстанне эмбрыянальных ствалавых клетак, атрыманых у выніку працэдур экстракарпаральнага апладнення або абортаў. Ён падкрэсліў, што чалавечае жыццё павінна паважацца з моманту зачацця, і заклікаў навуковую супольнасць засяродзіцца на выкарыстанні дарослых ствалавых клетак і тканак, атрыманых этычнымі спосабамі.
Псіхічнае здароўе
У той жа дзень арцыбіскуп Балестрэра прыняў удзел у пасяджэнні, прысвечаным псіхічнаму здароўю чалавека. Ён выказаў занепакоенасць у сувязі з сітуацыяй з самагубствамі, якія з'яўляюцца трэцяй па значнасці прычынай смерці моладзі.
Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў важнасць духоўнай падтрымкі, якая разам з прафесійнай псіхіятрычнай дапамогай, можа спрыяць ахове псіхічнага здароўя. Духоўная дапамога можа даць глыбокае пачуццё прыналежнасці, сэнсу жыцця і пераканаўчую надзею, нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці. Калі маладыя людзі ўсведамляюць, што яны не выпадковыя пабочныя прадукты Сусвету, а створаны па вобразу і падабенству Божаму, што Ён любіць іх і жадае іх рэалізацыі, жыццё набывае сэнс, нягледзячы на боль і пакуты.