Святы Пасад у ААН: непавага да святынь замаруджвае прымірэнне
Марыя Валодзіна - Vatican News
У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 120 удзельнікаў: паслоў, дыпламатаў, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый і грамадзянскай супольнасці. Яно стала часткай працяглай дыпламатычнай працы па ўмацаванні палітычнай адказнасці за гарантыю міжнароднага гуманітарнага права ва ўмовах звыш 130 узброеных канфліктаў у свеце.
Падсакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, айцец Даніэль Пача падкрэсліў, што такія месцы, як касцёлы і цэрквы, мячэці і сінагогі, з'яўляюцца выразам самай высокай веры і надзеі чалавецтва, а таксама складаюць культурную і духоўную спадчыну народаў, і павінны абараняцца ў рамках міжнароднага гуманітарнага права.
Аднак, нягледзячы на юрыдычныя абавязкі, напады на месцы культу апраўдваюцца “ваеннай неабходнасцю”, пры гэтым пакутуюць вернікі і парушаецца свабода веравызнання. Разбурэнне храмаў прыводзіць да шматлікіх ахвяр, матэрыяльных страт, а таксама наносіць удар па духоўнай ідэнтычнасці народаў і чалавечай годнасці як агрэсара, так і ахвяр. Напады на святыні замаруджваюць працэсы прымірэння і ўсталявання міру. Непавага да таго, што людзі лічаць святым, заўсёды будзе спараджаць і падсілкоўваць новыя ўспышкі нянавісці і гвалту, - адзначыў ватыканскі дыпламат.
Ад імя Святога Пасада ён заклікаў міжнародную супольнасць забяспечваць выкананне міжнароднага гуманітарнага права і абарону чалавечай годнасці, ставячы яе вышэй за палітычныя інтарэсы.