Святы Пасад у ААН: мір немагчыма дасягнуць толькі стрымліваннем
Марыя Валодзіна - Vatican News
Падсакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, айцец Даніэль Пача прыняў удзел у пасяджэнні сегмента высокага ўзроўню 61-й чарговай сесіі Рады ААН па правах чалавека, якое прайшло ў Жэневе 25 лютага 2026 года.
Свет змяніўся, шматбаковасць аслабла
Ён адзначыў, што з моманту стварэння Рады па правах чалавека мінула дваццаць гадоў, за якія “свет радыкальна змяніўся, а шматбаковасць аслабла”. Дыпламатыя, заснаваная на дыялогу і пошуку кансэнсусу паміж усімі бакамі, усё часцей саступае месца дыпламатыі сілы. Нягледзячы на гэта, правы чалавека застаюцца краевугольным каменем квітнеючага грамадства, бо яны нясуць надзею і адмаўляюць пагарду, жорсткасць і несправядлівасць.
Ватыканскі дыпламат папярэдзіў пра крызіс даверу да сучаснага праекта правоў чалавека. Асаблівую занепакоенасць выклікае адыход некаторых дзяржаў ад шматбаковых механізмаў і размыванне значнасці шматбаковай сістэмы.
Размыванне агульнапрынятых прынцыпаў
Давер падрываецца, калі агульнапрынятыя прынцыпы, такія як Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, міжнародныя пакты і дамовы, перастаюць успрымацца як “агульная мова” і “супольны парадак дня”. Гэты зрух можа прывесці да разбурэння дыялогу і даверу, а таксама да неэфектыўнага выкарыстання каштоўнай энергіі і рэсурсаў, якія маглі б быць выкарыстаны для вырашэння глабальных праблем, - папярэдзіў прадстаўнік Святога Пасада.
“Новыя правы”
Ксёндз Пача звярнуў увагу на распаўсюджванне так званых "новых правоў", назваўшы парадаксальнай сітуацыю, калі пад іх выглядам абмяжоўваюцца асноўныя правы. Ён нагадаў словы Льва XIV аб тым, што сёння назіраецца “кароткае замыканне” ў сферы правоў чалавека, калі свабода слова, сумлення, веравызнання і нават права на жыццё абмяжоўваюцца ў імя так званых “новых правоў”.
Дыпламат падкрэсліў першарадную важнасць абароны права на жыццё, назваўшы яго “неад'емнай асновай усіх іншых правоў чалавека”. Гэта абавязацельства грунтуецца на абароне неад’емнай годнасці кожнага чалавека ад зачацця да натуральнай смерці.
Ён нагадаў пра ключавую ролю сям’і як “фундаментальнага элемента грамадства” і заклікаў супрацьстаяць трывожнай тэндэнцыі грэбаваць інстытутам сям'і і маргіналізаваць яго ў рамках міжнароднай сістэмы.
Пераслед хрысціян
Што да свабоды веравызнання, то, паводле прадстаўніка Святога Пасада, гэта “першае з правоў чалавека”, якое адлюстроўвае фундаментальную сутнасць чалавечай асобы. Ён нагадаў, што сёння больш за 380 мільёнаў хрысціян у свеце пакутуюць ад пераследу, і ў 2025 годзе сітуацыя яшчэ больш пагоршылася з-за канфліктаў і экстрэмізму. Акрамя таго, у заходніх грамадствах распаўсюджваецца з’ява “ветлівага пераследу”, калі вернікі сутыкаюцца з абмежаваннямі, асабліва калі гаворка ідзе пра абарону жыцця, сям'і ці мігрантаў пад лозунгам талерантнасці.
Каб захаваць прагрэс апошніх васьмі дзесяцігоддзяў пасля стварэння ААН, неабходна вярнуцца да адзінага шляху да міру – дыялогу, які грунтуецца на дадзенай Богам неад’емнай годнасці кожнага чалавека, - заключыў назіральнік.
Заклік да раззбраення
Выступаючы ў той жа дзень на Канферэнцыі па раззбраенні, ксёндз Пача падкрэсліў, што “мір немагчыма дасягнуць толькі праз сілу і стрымліванне”. Ён адзначыў, што стрымліванне часта спараджае ўзбраенне і можа мець разбуральныя наступствы для чалавецтва і будучых пакаленняў. Ён заклікаў да канкрэтных і трывалых пагадненняў аб раззбраенні, каб гарантаваць дабрабыт і мір усіх народаў.
Ватыканскі дыпламат прапанаваў распачаць абмеркаванне таго, як можна правяраць выкананне дамоўленасцей па раззбраенні, у тым ліку ядзерным. Такое абмеркаванне дапаможа стварыць надзейную сістэму праверкі, якая дазволіць інфарміраваць і рыхтаваць будучыя перамовы па кантролі ўзбраенняў. Улічваючы рост ваенных расходаў, Святы Пасад лічыць важным зноў вярнуцца да перамоў аб агульным і поўным раззбраенні.
Прадстаўнік Святога Пасада таксама асудзіў мілітарызацыю космасу і падкрэсліў неабходнасць даследаваць і выкарыстоўваць космас выключна ў мірных мэтах. Напрыканцы прамовы, ён заклікаў вярнуцца да дыялогу, заснаванага на непарушнай годнасці чалавека, як адзінай магчымасці дасягнуць сапраўднага міру і абароны правоў чалавека.