Менікеці: перастаць “кіраваць вайной” ва Украіне
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З 24 лютага 2022 года, калі Расійская Федэрацыя распачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, штодзённасць гэтай краіны ператварылася ў рэчаіснасць разбураных гарадоў, разарваных сем’яў, тысяч загінулых і мільёнаў уцекачоў, у жыццё паміж голадам, холадам, страхам і ўпартым супрацівам.
У сваім артыкуле "Чатыры гады разбурэння ва Украіне: спынім кіраванне вайной" адказны за Ватыканскае радыё - Vatican News Масіміляна Менікеці папярэджвае пра небяспеку прызвычаіцца да вайны, калі выявы руін, падземных сховішчаў і акопаў становяцца часткай звычайнага інфармацыйнага патоку.
Нельга прызвычайвацца да вайны, ні да якой вайны
Тое, што здавалася немагчымым, адзначае аўтар, – звычайная вайна ў самым сэрцы Еўропы, – стала рэальнасцю з контрнаступленнямі, мабілізацыяй, новымі саюзамі, энергетычным крызісам і забойствамі, прычым спробы пасрэдніцтва і канферэнцыі па міры пакуль не прывялі да спынення агню, бо пераважае логіка зброі.
Менікеці нагадвае словы Папы Льва XIV, які ў нядзелю 21 лютага 2026 года зноў настойліва заклікаў да неадкладнага спынення варожасці, гаворачы пра шматлікія ахвяры, разбураныя сем’і, “невымоўныя пакуты” і маштаб разбурэнняў.
На гэтым фоне, падкрэслівае аўтар, вайна выкрывае крохкасць сённяшняй Еўропы, якая ўспрымаецца пераважна як эканамічны праект і ўсё далей ад тых палітычных, салідарных, гуманістычных і аб’яднаўчых даляглядаў, якія мелі яе айцы-заснавальнікі – Робер Шуман, Альчыдэ дэ Гасперы і Конрад Адэнаўэр.
Мір не здабываецца сілай: ён будуецца і бароніцца
Менікеці падкрэслівае, што вайну нельга прымаць як нешта непазбежнае, яе трэба спыніць, прымусіць маўчаць зброю, і што курс на пераўзбраенне, якога дамагаюцца некаторыя, не з’яўляецца адзіным шляхам і ўтрымлівае ў сабе надзвычай небяспечную логіку. Паводле яго, мір не здабываецца грубай сілай, а патрабуе будавання, абароны і клопату праз дыялог, адносіны, павагу, дыпламатыю і шматбаковае супрацоўніцтва.
Палітыка ў яе сапраўдным вымярэнні, адзначае аўтар, павінна мець у цэнтры чалавека, будаваць суіснаванне і служыць супольнасці, а не падпітваць уладу дзеля самой улады, але сёння і палітыка ў Еўропе і па-за ёю выглядае слабай і крохкай. Таму асабліва актуальны заклік, які Папа Леў XIV неаднойчы фармуляваў як неабходнасць будаваць “раззброены і раззбройваючы мір”: пачынаючы з унутранага раззбраення, выкаранення нянавісці і недаверу да іншага.
Чацвёрты год для дзяцей вайны
Асобна Менікеці спыняецца на лёсе цэлага пакалення ўкраінскіх дзяцей, якія растуць пад гукі сірэн і выбухаў, сярод насілля і нястачы, з ранамі, якія не загояцца хутка.
Ён падкрэслівае, што пасля заканчэння баявых дзеянняў спатрэбяцца дзесяцігоддзі, каб жах і нянавісць паступова страцілі ўладу над сэрцамі, і што будучы мірны шлях запатрабуе позірку, здольнага не прыніжаць былога ворага, а бачыць у ім суразмоўцу.
У гэтым перспектыўным часе Еўропа, паводле аўтара, павінна будзе аднавіць сваё аблічча прасторы братэрства, гасціннасці, субсідыярнасці і тых хрысціянскіх каранёў, якія ёй нярэдка цяжка прызнаць, не пакідаючы ніводнага народа сам-насам з наступствамі канфлікту.
Адначасова прадстаўнік кіраўніцтва Ватыканскага радыё бачыць у сённяшнім дні і сімвалы надзеі: тысячы людзей дапамагаюць, ратуюць і працуюць дзеля перамогі логікі адзінства і ўзаемнай дапамогі, нагадваючы, што мір – гэта не імгненная падзея, а працэс, які часта грунтуецца на няўдалых, але мужных палітычных перамовах.