Ззянне праўды супраць віруса пыхі: пятая медытацыя ў Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Супраціў спакусам з’яўляецца неабходнай умовай для ўмацавання чалавека ў праўдзе. Паводле слоў біскупа Эрыка Вардэна, якія ён прамовіў 24 лютага 2026 года вечарам падчас пятай медытацыі велікапосных рэкалекцый для Папы і Рымскай курыі, выпрабаванні папускаюцца Богам, бо яны карысныя для нашага духоўнага росту. Пераадольваючы падступства "айца хлусні", вернік становіцца здольным падтрымліваць сваіх братоў.
Амбіцыі як духоўная хвароба
Асаблівую ўвагу іерарх удзяліў загане амбіцыйнасці, якую ён назваў тонкай формай скупасці і сапраўдным "сакрэтным вірусам". Спасылаючыся на святога Бернарда, біскуп Вардэн апісаў амбіцыі як маці крывадушнасці і крыніцу зацямнення сэрца. Гэтае духоўнае вар’яцтва асабліва небяспечнае для тых, хто пакліканы да бескарыслівага служэння.
Паводле слоў прапаведніка, вобраз амбітнага прадстаўніка духавенства ператварыўся ў камічны і адначасова сумны літаратурны ды кінематаграфічны штамп менавіта таму, што такая манера трымацца пярэчыць самой прыродзе святарства. Калі праўда выціскаецца з памяці, яе месца займае недарэчнае ў сваёй смешнасці памкненне да высокіх статусаў.
Мова Касцёла і выклікі часу
У свеце, дзе людзі шчыра пытаюцца "Што ёсць ісціна?", Касцёл не мае права марнаваць сілы на дробязныя спакусы самалюбства. Біскуп Вардэн падкрэсліў, што Хрыстус, Які сам з’яўляецца Праўдай, абнаўляе нас і прагне адкрыцца праз нас стварэнню, што пакутуе ад марнасці.
Спробы ісці ў нагу з сучаснымі павевамі часта робяць Касцёл падобным да таго, хто апранаецца паводле моды мінулага сезона. Замест гэтага супольнасць вернікаў павінна заставацца свежай і здольнай арыентаваць культуру, карыстаючыся скарбніцай сваёй інтэлектуальнай і духоўнай спадчыны.
Святасць як вышэйшая форма пераканання
Завяршаючы медытацыю, іерарх нагадаў словы кардынала Шустэра, сказаныя перад смерцю: людзі могуць больш не верыць словам і пропаведзям, але яны ўсё яшчэ схіляюць калені перад святасцю. Менавіта ўвасабленне ісціны ў жыцці з’яўляецца самым моцным заклікам Другога Ватыканскага Сабора.
Хрысціянскае сведчанне становіцца пераканаўчым толькі тады, калі "ззянне праўды" выяўляецца праз ахвярную любоў. Толькі такая святасць, ачышчаная ад спакус і кампрамісаў з часовымі выгодамі, здольная даць адказ на глыбокія пошукі сучаснага чалавека.