Пошук

Элетра Марконі, дачка вынаходніка радыё Гульельма Марконі Элетра Марконі, дачка вынаходніка радыё Гульельма Марконі  

Элетра Марконі: радыё застаецца надзейным сродкам інфармацыі

З нагоды 95-й гадавіны Ватыканскага радыё Элетра Марконі, дачка вынаходніка радыё Гульельма Марконі паразважала пра веру і навуку, пра адказнасць за спадчыну бацькі і пра тое, чаму радыё, нават у эпоху штучнага інтэлекту, застаецца надзейным сродкам інфармацыі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Намеснік рэдакцыйнага дырэктара Масіміліяна Менікеці ўзяў інтэрв’ю ў Элетры Марконі — дачкі Гульельма Марконі – італьянскага вынаходніка, інжынера і нобелеўскага лаўрэата, які ў 1931 годзе па ініцыятыве Папы Пія XI заснаваў Ватыканскае радыё. Усё сваё жыццё яна прысвяціла захаванню і папулярызацыі спадчыны бацькі. Размова адбылася ў рымскай кватэры сям’і Марконі на Віа Кандоці (Via Condotti).

Заснаванне Ватыканскага радыё

Па словах Элетры Марконі, 95-годдзе Ватыканскага радыё – вельмі важная для яе дата. Для яе бацькі гэта быў “надзвычай прыгожы і глыбока кранальны момант”. Гульельма Марконі моцна верыў у Бога, захапляўся і сябраваў з Папам Піем XI. Пантыфік меў розум даследчыка, уважліва сачыў за вынаходствамі, цікавіўся дэталямі і часта тэлефанаваў, каб даведацца пра апошнія адкрыцці.

Гульельма Марконі спраектаваў і пабудаваў Ватыканскае радыё, якое было ўрачыста адкрыта 12 лютага 1931 года. Захавалася кінахроніка, на якой Марконі прадстаўляе Папу магутную радыёстанцыю, здольную ахапіць увесь свет. На кадрах бачна, наколькі ўзрушаны і крануты навуковец. Адказ Пія XI быў надзвычай разумным і цёплым, - нагадала дачка вынаходніка.

Марконі цалкам прысвяціў сябе праекту. Гэта быў самы працяглы перыяд, які ён калі-небудзь правёў у Рыме: некалькі месяцаў запар. Звычайна вучоны шмат падарожнічаў паміж Лонданам і Нью-Ёркам, але гэты праект быў выключэннем. Кожны дзень Марконі наведваў Ватыкан, а Пій XI шпацыраваў па ватыканскіх садах, сочачы за ходам работ. Захаваліся фотаздымкі і кінахроніка, на якіх яны адлюстраваны разам. Пазней тая алея атрымала назву у гонар вучонага - Віа Гульельма Марконі.

Спадчына бацькі як жыццёвая місія

Элетра Марконі прызналася, што прысвяціла сваё жыццё захаванню спадчыны бацькі. Гэта стала для яе і абавязкам, і найвялікшай радасцю. Яна наведала мноства краін, каб падзякаваць людзям за цёплы прыём, добрыя словы і ўдзячнасць за вынаходніцтва бацькі. Шмат разоў была ў Бразіліі, дзевяць разоў – у Аўстраліі, наведвала Кітай, Японію і Тайвань, незлічоную колькасць разоў была ў ЗША. “Мой бацька перасякаў Атлантыку морам 87 разоў. Сёння ў нас ёсць самалёты!” – адзначыла яна з усмешкай.

Элетра Марконі брала з сабой у падарожжы сына Гульельма, каб ён на ўласныя вочы пабачыў, як высока ў свеце шануюць памяць дзеда. “З дапамогай радыё мой бацька аб’яднаў усе краіны свету”, - падкрэсліла яна.

Элетра Марконі з бацькамі
Элетра Марконі з бацькамі

Штучны інтэлект – інструмент, а не голас

95-я гадавіна Ватыканскага радыё, якая адзначаецца 12 лютага, супадае з Сусветным днём радыё, які адзначаецца пад эгідай ЮНЕСКА 13 лютага. Сёлетняя тэма: “Штучны інтэлект — гэта інструмент, а не голас”. На думку Элетры Марконі, штучны інтэлект можа быць карысным, аднак яго неабходна кантраляваць і выкарыстоўваць належным чынам.

Элетра Марконі звярнулася да супрацоўнікаў Ватыканскага радыё са словамі любові і ўдзячнасці. У час імклівых тэхналагічных перамен яна пажадала ім працаваць з той жа адданасцю, з якой яна сама ўсё жыццё захоўвала памяць пра бацьку. З нагоды юбілею яна пажадала, каб Ватыканскае радыё працягвала гучаць у грамадскай прасторы, і заклікала моладзь натхняцца прыкладам яе бацькі.

Радыё – надзейны сродак інфармацыі

На пытанне, ці можна давяраць радыё, Элетра Марконі адказала ўпэўнена: яму можна верыць больш, чым любому іншаму сродку інфармацыі, бо “навіны гучаць па ім непасрэдна. Гэта надзвычай важна”.

Напрыканцы дачка вынаходніка падзялілася асабістымі разважаннямі: прызналася ў сваёй глыбокай веры ў Бога і любові да бліжняга, пажадаўшы ўсім жыць у згодзе з уласным сумленнем і ў міры.

Падчас інтэрв'ю Масіміліяна Менікеці  з Элетрай Марконі
Падчас інтэрв'ю Масіміліяна Менікеці з Элетрай Марконі
12 лютага 2026, 11:44