Пленарная асамблея: Фэрэл пра крызіс веры і свецкіх у Касцёле
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Рыме, у Генеральнай курыі езуітаў, пачала працу трэцяя пленарная асамблея Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Звяртаючыся да прысутных, прэфект ведамства кардынал Кевін Фэрэл падкрэсліў, што галоўным выклікам для сучаснага Касцёла з’яўляецца не рэформа структур ці змена дактрыны, а востры дэфіцыт веры і патрэба ў сапраўдным евангельскім сведчанні.
Касцёл павінен перайсці ад рэформы структур да ажыўлення асабістай веры
Іерарх адзначыў, што многія памылкова бачаць выхад з крызісу ў знешняй трансфармацыі, аднак ніякія змены правіл не прымусяць людзей вярнуцца ў храмы, калі ў іх не будзе жывой сустрэчы з асобай Езуса Хрыста.
Кардынал спаслаўся на словы Папы Льва XIV, які ў сваім нядаўнім пасланні нагадваў, што хрысціянская фармацыя павінна ахопліваць усю асобу: інтэлект, пачуцці і духоўнасць. Паводле Фэрэла, сёння неабходна пераходзіць ад фармальных школьных лекцый да жывой катэхезы, якая змяняе сэрцы.
Асаблівую ролю ў гэтым працэсе прэфект адводзіць сям’і. Ён заўважыў, што сужонкі часта застаюцца без належнага суправаджэння пасля шлюбу, таму Касцёл павінен прапанаваць ім прастору для росту ў сумеснай малітве і перадачы веры дзецям.
Сапраўдная фармацыя – гэта не акадэмічныя веды, а перамена ў чалавечым сэрцы
Іншым важным пунктам асамблеі павінна стаць глыбокае абмеркаванне вопыту Сусветных дзён моладзі і Сусветных сустрэч сем’яў, якія маюць ужо дзесяцігоддзі гісторыі.
Кардынал Фэрэл заклікаў удзельнікаў пазбягаць дзвюх небяспечных крайнасцей: "імабілізму", пры якім усё пакідаецца без змен толькі таму, што схема працуе, і "палінгенезу" – жадання разбурыць усё дашчэнту і пачаць з нуля.
Ён падкрэсліў, што гэтыя мерапрыемствы не маюць сакрамэнтальнага характару, таму іх формы могуць і павінны адаптавацца да зменлівага свету, лічбавай рэвалюцыі і новых культурных рэалій.
Масавыя форумы маюць сэнс толькі тады, калі вядуць да глыбокай сустрэчы з Хрыстом
Прэфект асабліва адзначыў, што такія форумы не павінны быць проста інструментам "поспеху ў СМІ" ці спробай канкурэнцыі з маштабнымі свецкімі фестывалямі, мастацкімі або спартыўнымі падзеямі па колькасці ўдзельнікаў. Сапраўдная мэта заключаецца ў тым, каб кожная такая сустрэча станавілася эфектыўнай прасторай евангелізацыі, здольнай закрануць глыбіні чалавечага сэрца і перадаць Божую ласку праз жывы вопыт супольнасці.
У гэтым кантэксце Сусветныя сустрэчы разглядаюцца як магутныя моманты інтэнсіўнай фармацыі, якія павінны гарманічна дапаўняць і ажыўляць паўсядзённую душпастырскую працу ў дыяцэзіях.
Завяршаючы свой зварот, іерарх заклікаў чальцоў Дыкастэрыі да шчырага і адкрытага дыялогу, падкрэсліўшы, што галоўнай задачай асамблеі з’яўляецца менавіта слуханне. Вынікам гэтай працы павінна стаць стварэнне канкрэтных арыенціраў, якія дапамогуць епіскапатам ва ўсім свеце перайсці ад пасіўнасці да актыўнага суправаджэння вернікаў.
Кардынал выказаў надзею на тое, што сумесныя намаганні і малітва дапамогуць Касцёлу выхаваць новыя пакаленні святых, чыя творчасць і руплівасць змогуць наблізіць сучаснага чалавека да веры