Пошук

Кардынал Майкл Чэрны падчас візіту ў Перу Кардынал Майкл Чэрны падчас візіту ў Перу  (Dicastero per il Servizio dello Sviluppo Umano Integrale)

Кардынал Чэрны: блізкасць да хворых – выраз любові да Бога

Блізкасць да тых, хто пакутуе ад хваробаў, вядзе да навяртання сэрца, стварае еднасць у грамадстве і з’яўляецца выразам любові Бога, - заўважыў кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Ватыканскі іерарх у якасці спецыяльнага пасланніка Папы наведаў дыяцэзію Чыклаё ў Перу, дзе прайшлі галоўныя цэлебрацыі з нагоды 34-га Сусветнага дня бедных. 11 лютага 2026 года ён узначаліў святую Імшу ў мясцовым санктуарыі Маці Божай Супакою.

Кардынал Чэрны спаслаўся на евангельскі вобраз Добрага Самараніна, падкрэсліваючы, што любоў “не можа зводзіцца да простай ідэі, плёну абстрактных тэалагічных або сацыялагічных разважанняў”.

Любіць – значыць “глядзець Божымі вачыма”, не задавальняцца “халодным абвяшчэннем злавесных прароцтваў ці вынясеннем трагічных дыягназаў”, быць гатовымі змяніць кірунак і з надзеяй схіляцца над іншым, - падкрэсліў іерарх, заўважаючы, што такія паводзіны садзейнічаюць навяртанню сэрца і стварэнню еднасці ў грамадстве.

Прэфект заахвоціў вернікаў быць адкрытымі на супрацоўніцтва з іншымі людзьмі дзеля агульнага дабра і клопату пра найбольш уразлівых, “перамагаючы спакусу таго недаверлівага або, часам, занадта самаўпэўненага індывідуалізму, які аддаляе ад бліжніх”.

“Ніколі нельга забываць, што наша любоў да іншых заўсёды з’яўляецца канкрэтным выразам нашай любові да Бога, і наадварот – мы не можам казаць ці думаць, што любім Бога, не ідучы шляхам любові”, - падкрэсліў кардынал Майкл Чэрны.
 

12 лютага 2026, 12:43