Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Галахер: для міра патрэбна палітычная мужнасць

Выкананне гуманітарнага права не можа залежаць ад абставін ці ваенных і стратэгічных інтарэсаў, - нагадаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

24 лютага 2026 года на пасяджэнні Пастаяннай Рады АБСЕ ватыканскі іерарх выказаў глыбокую занепакоенасць з нагоды чацвёртай гадавіны вайны ва Украіне.

Праявіць палітычную мужнасць

“Кожная вайна з’яўляецца маральнай і чалавечай няўдачай”, а логіка канфрантацыі, якая пераважае ў глабальнай палітыцы, паглыбляе нестабільнасць і няпэўнасць у свеце, “прымушаючы людзей жыць у пастаянным страху”, -заўважыў прадстаўнік Папы.

“Святы Пасад заклікае ўсе бакі праявіць неабходную палітычную мужнасць для ўсталявання і падтрымання шчырых і інклюзіўных дыпламатычных каналаў, накіраваных на справядлівы і трывалый мір”, - сказаў ён.

Ператварыць добрую волю ў мірныя дамоўленасці

Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў неабходнасць “канкрэтных крокаў”, у тым ліку гуманітарных перамір’яў і пастаяннага дыпламатычнага ўзаемадзеяння, “каб пераўтварыць добрую волю ў надзейныя і трывалыя мірныя дамоўленасці”.

“У гэтым кантэксце Святы Пасад перакананы, што АБСЕ можа адыграць асаблівую ролю ў садзейнічанні дыялогу, умацаванні даверу і рэалізацыі канкрэтных мер, якія паменшаць чалавечыя пакуты і адновяць бяспеку, і гатовы падтрымаць любыя шчырыя дыпламатычныя ініцыятывы, якія ставяць чалавека і змякчэнне пакут у цэнтр сваіх намаганняў”, - заявіў папскі дыпламат.

Паважаць гуманітарнае права

Арцыбіскуп Галахер згадаў таксама пра важнасць выканання міжнароднага гуманітарнага права, падкрэсліўшы, што яно не можа залежаць ад абставін ці ваенных і стратэгічных інтарэсаў.

“Гуманітарнае права, акрамя гарантавання мінімуму чалавечнасці падчас разбурэнняў вайны, з’яўляецца абавязкам, які ўзялі на сябе дзяржавы”, - сказаў іерарх, падкрэсліваючы, што павага да гуманітарнага права павінна пераважаць над амбіцыямі бакоў канфлікту, каб змякчыць разбуральныя наступствы вайны, у тым ліку з перспектывы будучага аднаўлення.
 

26 лютага 2026, 13:24