Арцыбіскуп Галахер: вярнуць надзею свету, азмрочанаму канфліктамі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У рамках падарожжа, якое прайшло з 30 студзеня па 1 лютага 2026 года, арцыбіскуп Галахер правёў перамовы з міністрам замежных спраў Славакіі Юраем Бланарам, здзейсніў візіт ветлівасці да прэзідэнта краіны Петэра Пелегрыні, сустрэўся з дыпламатычным корпусам, прыняў удзел у навуковай канферэнцыі ва Універсітэце Каменскага ў Браціславе і наведаў Нітру – калыску хрысціянства ў Славакіі.
Вярнуць надзею свету, азмрочанаму вайной
У апошні дзень візіту ватыканскі іерарх цэлебраваў святую Імшу ў браціслаўскім катэдральным касцёле святога Марціна. У гаміліі ён заклікаў прыкласці намаганні, каб вярнуць надзею свету, азмрочанаму вайной і канфліктамі. Гэта магчыма толькі дзякуючы адказнасці кожнага за тое, каб “аднаўляць давер там, дзе ён быў парушаны, настойліва працягваць дыялог, калі ён павольны і цяжкі, трымаць адкрытымі шляхі, якія вядуць да міру”, - падкрэсліў прадстаўнік Святога Айца.
Арцыбіскуп Галахер адзначыў, што ў свеце, які прызвычаіўся вымяраць жыццё крытэрыямі поспеху, бяспекі і прызнання, Хрыстус дае евангельскія благаслаўленні, адкрываючы іншую перспектыву: лад жыцця, у аснове якога знаходзіцца не панаванне, а давер; не самасцвярджэнне, а адзінства; не страх, а надзея, укаранёная ў Богу. Папскі дыпламат заўважыў, што згодна з гэтай перспектывай жылі шматлікія славацкія святыя, прыклад якіх варта наследаваць і сёння.
25 гадоў Базаваму пагадненню
Сакратар па адносінах з дзяржавамі падкрэсліў, што адносіны паміж Святым Пасадам і Славакіяй адлюстроўваюць агульную прыхільнасць служэнню чалавеку ва ўсіх аспектах сучаснага жыцця.
Іерарх адзначыў, што Базавае пагадненне паважае адрозненне паміж духоўным і свецкім парадкам, спрыяе супрацоўніцтву дзеля агульнага дабра і абараняе прастору, дзе паважаецца сумленне, падтрымліваюцца сем’і і супольнасці, а рэлігійная свабода ўмацоўвае маральнае і культурнае жыццё грамадства. Такім чынам пагадненне стварае “рамкі, у якіх можа падтрымлівацца чалавечая годнасць, квітнець дыялог, а надзея, заснаваная на веры, любові і справядлівасці, можа ціха ўкараняцца і расці”.
Малітва за Украіну і іншыя краіны, пацярпелыя ад канфліктаў
Арцыбіскуп Галахер звярнуў увагу на патрэбу ў міры, падкрэсліўшы, што ён укараняецца ў сэрцах, здольных да міласэрнасці, у грамадствах, гатовых шукаць справядлівасць, і ва ўстановах, якія выбіраюць дыялог замест адчужэння. Напрыканцы гаміліі іерарх заклікаў маліцца за народы, якія пакутуюць ад гвалту, асабліва за Украіну, і імкнуцца быць міратворцамі, якія падтрымліваць надзею нават у цяжкія часы.