Лаўрэаты Прэміі Заіда: мір на Каўказе і адукацыя афганскіх дзяўчат
Марыя Валодзіна - Vatican News
Уручэнне прэміі адбудзецца 4 лютага 2026 года ў Абу-Дабі (ААЭ), у Міжнародны дзень агульначалавечага братэрства, які нагадвае пра гістарычную сустрэчу Папы Францішка і Вялікага Імама Аль-Азхара Ахмеда Эль-Таеба, падчас якой быў падпісаны Дакумент аб чалавечым братэрстве.
Мір як шлях, а не разавы акт
Рашэнне адзначыць пагадненне паміж Арменіяй і Азербайджанам з’яўляецца прызнаннем “працэсу міру, дыялогу, нармалізацыі і вырашэння канфліктаў”, які падкрэслівае, што прымірэнне – гэта не разавая падзея, а працяглы працэс. На думку журы, пагадненне стала плёнам “мудрага лідарства”, накіраванага на спыненне дзесяцігоддзяў канфліктаў і гуманітарных пакут на Каўказе.
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў выказаў удзячнасць за прысуджэнне прэміі, а таксама за дзеянні, накіраваныя на ўсталяванне міру ў рэгіёне Паўднёвага Каўказа і на ўсім зямным шары.
Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян, у сваю чаргу, назваў узнагароду “вялікім гонарам” і прызнаннем калектыўных намаганняў, прыкладзеных дзеля падтрымкі мірнага працэсу ў Каўказскім рэгіёне.
Надзея і веды для маладых афганак
Другім лаўрэатам стала Зарка Яфталі, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла абароне права жанчын і дзяцей на адукацыю. Дзякуючы яе дзейнасці больш за 100 тысяч чалавек у Афганістане і за яго межамі атрымалі доступ да адукацыйных рэсурсаў, псіхасацыяльнай падтрымкі і неабходных паслуг.
Зарка Яфталі прызналася, што глыбока ўсхваляваная прысуджэннем прэміі, назваўшы яе “моцным і значным пасланнем” для афганскіх жанчын. Па яе словах, узнагарода ўсяляе надзею і мужнасць, асабліва навучэнкам анлайн-школ і маладым жанчынам, якія вучацца на курсах мірабудаўніцтва, бяспекі і лідэрства.