Сусветны дзень хворага: у Ватыкане прадставяць пасланне Папы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Папскае пасланне пракаментуе журналістам кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і афіцыйны дэлегат Льва XIV на святкаванне Сусветнага дня хворага ў перуанскай дыяцэзіі Чыклаё. Роберт Прэвост быў яе пастырам да свайго прызначэння прэфектам ватыканскай Дыкастэрыі па справах біскупаў.
Выступяць таксама айцец Мішэль Дабан, рэктар санктуарыя Маці Божай Лурдскай, які знаходзіцца на поўдні Францыі і з’яўляецца важным месцам пілігрымак хворых і людзей з інваліднасцю; Джуліа Чэвітэлі, кіраўніца медыцынскага персаналу поліамбулаторыі рымскага “Caritas”; і Марына Мелонэ, прадстаўніца “Casa Gelsomino” – структуры, якая дзейнічае пры рымскай парафіі святога Грыгорыя VII і займаецца прыёмам сем’яў дзяцей, шпіталізаваных у ватыканскай педыятрычнай клініцы “Bambino Gesù”.
Сусветны дзень хворага быў устаноўлены святым Янам Паўлам II у 1992 годзе і з тых часоў штогод становіцца нагодай для асаблівай увагі да праблем хворых і медыцынскіх работнікаў ва ўсім свеце. Ён адзначаецца 11 лютага – у літургічны ўспамін Маці Божай Лурдскай.