Сустрэча Льва XIV з князем Альбертам II у Ватыкане

Леў XIV прыняў на аўдыенцыі князя Манака Альберта II. У Ватыкане абмяркоўваліся пытанні экалогіі, гуманітарнай дапамогі і міжнароднай бяспекі ў кантэксце сучасных выклікаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Раніцай 17 студзеня 2026 года ў Апостальскім палацы адбылася знакавая сустрэча Святога Айца з Яго Светласцю князем Альбертам II. Пасля размовы з Пантыфікам манарх сустрэўся з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, Сакратаром па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Падчас сардэчных перамоў у Дзяржсакратарыяце быў адзначаны высокі ўзровень двухбаковых адносін, якія грунтуюцца на трывалым гістарычным падмурку. Адмысловая ўвага была ўдзелена значнаму ўкладу Каталіцкага Касцёла ў сацыяльнае жыццё Княства.

Бакі засяродзіліся на тэмах, якія маюць прыярытэтнае значэнне для абедзвюх дзяржаў: ахове навакольнага асяроддзя, гуманітарнай дапамозе, а таксама абароне і прасоўванні годнасці чалавечай асобы. Гэтыя пытанні застаюцца цэнтральнымі ў парадку дня Апостальскай Сталіцы і Манака, адлюстроўваючы супольнае бачанне адказнасці за будучыню планеты.

Асобнае месца ў размове заняў абмен думкамі па актуальных міжнародных пытаннях. Удзельнікі сустрэчы зрабілі асаблівы акцэнт на праблемах міру і бяспекі, дэталёва спыніўшыся на сітуацыі на Блізкім Усходзе і ў шэрагу рэгіёнаў Афрыкі.

Як паведамляе Зала Друку Святога Пасада, візіт пацвердзіў гатоўнасць абодвух бакоў да далейшага плённага супрацоўніцтва ў вырашэнні глабальных крызісаў.
 

18 студзеня 2026, 11:21