Пошук

 Кардынал Анхель Фернандэс Арцімэ Кардынал Анхель Фернандэс Арцімэ  

“Ватыканскі банк”: Папа прызначыў новага кардынала-назіральніка

Леў XIV прызначыў кардынала Анхеля Фернандэса Арцімэ чальцом Камісіі кардыналаў па наглядзе за Інстытутам рэлігійных спраў, вядомым як “Ватыканскі банк”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец прызначыў новым чальцом Камісіі кардыналаў па наглядзе за Інстытутам рэлігійных спраў (IOR) кардынала Анхеля Фернандэса Арцімэ, салезіяніна, які займае пасаду про-прэфекта Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця.

Гэтая камісія адыгрывае ключавую ролю ў структуры “Ватыканскага банка”, сочачы за тым, каб установа няўхільна прытрымлівалася сваіх статутных норм. У яе склад уваходзяць пяць іерархаў, якіх выбірае непасрэдна Пантыфік. Тэрмін паўнамоцтваў кожнага з іх доўжыцца пяць гадоў і можа быць падоўжаны толькі адзін раз.

Старшынёй органа на гэты момант з’яўляецца 81-гадовы кардынал Крыстаф Шонбарн, арцыбіскуп-эмерыт Венскі.

Разам з ім і новапрызначаным кардыналам Арцімэ ў наглядную раду ўваходзяць вядомыя касцельныя дзеячы: папскі элемазінарый кардынал Конрад Краеўскі, арцыбіскуп-эмерыт Л’Аквілы кардынал Джузэпэ Пэтрокі, про-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі кардынал Луіс Антоніа Тагле, а таксама швейцарскі кардынал Эміль Паўль Чэрыг.
 

22 студзеня 2026, 09:40