Супрацоўнікі Ватыканскай аптыкі на рабочым месцы Супрацоўнікі Ватыканскай аптыкі на рабочым месцы 

Тэхналогіі на службе міласэрнасці: планы Ватыканскай аптэкі

Дырэктар Ватыканскай аптэкі брат Томас Бініш Мулакал распавёў пра планы на 2026 год: ад аўтаматызацыі склада да ўкаранення лічбавых плацяжоў пры захаванні духу служэння.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв’ю для партала Дзяржавы Ватыкан кіраўнік установы падкрэсліў, што 2026 год стане часам кансалідацыі і тэхналагічнага рыўка. Галоўная місія застаецца нязменнай – стварэнне надзейнай і глыбока чалавечнай медыцынскай службы, здольнай эфектыўна адказваць на патрэбы людзей.

Адной з ключавых навін года стане поўная аўтаматызацыя склада Ватыканскай аптэкі. Гэта стала магчымым дзякуючы выдзяленню дадатковых плошчаў для захоўвання лекаў, што дазволіць пазбегнуць затрымак і дэфіцыту.

Акрамя таго, плануецца завяршыць інтэграцыю лічбавых плацяжоў і развіць сістэму дыстанцыйных продажаў для забеспячэння большага кантролю і дакладнасці.

Аптэка мае намер узмацніць сваю адукацыйную ролю, робячы стаўку на прафілактыку здароўя. Важным напрамкам застаецца развіццё лініі прадуктаў пад уласным брэндам "Farmacia Vaticana", якая карыстаецца вялікім даверам пакупнікоў дзякуючы балансу якасці і цаны.

Паводле слоў брата Мулакала, вопыт працы парафармацыі каля каланады Плошчы Святога Пятра пацвердзіў, што людзям патрэбны не проста тавар, а ўважлівае слуханне і прафесійнае суправаджэнне.

Усе інавацыі 2026 года скіраваны на тое, каб зрабіць візіт у аптэку больш хуткім і зручным, захоўваючы пры гэтым хрысціянскія каштоўнасці і этычныя стандарты.
 

27 студзеня 2026, 12:13