Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (© Biblioteca Apostolica Vaticana)

Рукапіс, страчаны падчас рэвізіі 1798-га, зноў у Ватыкане

Ватыканская Апостальская бібліятэка набыла каштоўную рукапісную кнігу XVI стагоддзя з калекцыі легендарнай “Bibliotheca Palatina”, якая лічылася страчанай з часоў рэвізіі 1798 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Здзейсніць набыццё атрымалася ўсяго за некалькі дзён дзякуючы супрацоўніцтву Ватыканскай бібліятэкі, універсітэцкай бібліятэкі Хайдэльберга і венскага антыкварнага кніжнага дома “Inlibris”.

Ідэнтыфікаваны кодэкс мае старую ватыканскую сігнатуру “Pal. lat. 851” і першапачаткова ўваходзіў у корпус “Palatina”, які ў 1623 годзе быў перададзены ў Ватыкан. Паводле “Kathpress”, менавіта гэты том адсутнічаў падчас рэвізіі фондаў у канцы XVIII стагоддзя.

Гісторыя, занатаваная на 115 аркушах, зноў становіцца даступнай для даследчыкаў

Рэдкі папяровы рукапіс уключае 115 аркушаў і захоўвае “Historia Langobardorum” Паўла Дыякана, а таксама жыціі пяці святых. Кніга была створана некалькімі пісарамі на пачатку XVI стагоддзя ў Германіі, верагодна ў Вормсе, куды можна прасачыць паходжанне агіяграфічных тэкстаў. Дошкі пераплёту датаваныя 1556 годам і ўпрыгожаны партрэтам курфюрста Отгейнрыха Пфальцкага.

Дэтэктыўны пошук і супрацоўніцтва навукоўцаў дапамаглі вырваць фаліянт з прыватнага нябыту

Гістарычны шлях гэтага тома адлюстроўвае драматызм еўрапейскай мінуўшчыны. Ён трапіў у Рым разам з іншымі кнігамі з “Bibliotheca Palatina”, якую курфюрст Максіміліян I Баварскі падараваў Папу Грыгорыю XV у якасці падзякі за падтрымку ў Трыццацігадовай вайне. Большасць збору сёння захоўваецца ў Ватыкане, а нямецкамоўныя рукапісы засталіся ў Хайдэльбергу.

Розныя ўладальніцкія запісы і экслібрысы сведчаць пра тое, што пасля знікнення з фондаў у 1798 годзе кодэкс неаднаразова змяняў уладальнікаў сярод прыватных калекцыянераў. Штуршком да яго вяртання стала пільнасць дырэктара бібліятэкі Хайдэльберга Ёхена Апеля, які праінфармаваў прэфекта Ватыканскай бібліятэкі ксяндза Маўра Мантавані пра продаж фаліянта ў Вене.

Доўгатэрміновае партнёрства паміж Ватыканам і ўніверсітэтам Хайдэльберга ўжо дазволіла алічбаваць амаль усе лацінскія, грэчаскія і яўрэйскія рукапісы “Palatina”. З 2021 года гэты каштоўны масіў дакументаў адкрыты для даследчыкаў ва ўсім свеце праз інтэрнэт, што робіць культурную спадчыну Касцёла сапраўды агульным здабыткам чалавецтва.
 

26 студзеня 2026, 10:45