Пошук

Арцыбіскуп Рына Фізікела Арцыбіскуп Рына Фізікела  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Больш за лічбы: Юбілей – рахунак сумлення для сучаснага свету

“Юбілей ажывіў душпастырскую дзейнасць, якая пры належным падыходзе можа прынесці трывалы плён у лакальных Касцёлах”, - перакананы арцыбіскуп Рына Фізікела. Прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі падсумаваў Юбілейны 2025 год, прывёўшы лічбы і факты.

Ян Глінскі

6 студзеня 2026 года Папа Леў XIV зачыніў Святыя Дзверы базілікі Святога Пятра. Такім простым і адначасова красамоўным жэстам завяршыўся Юбілейны 2025 Год. Гэты час адзначыўся двума пантыфікатамі: распачаў Юбілей Папа Францішак, а працягнуў і завяршыў Леў XIV. У праграму юбілею ўпляліся мерапрыемствы “sede vacante” і канклаў.

Па словах прапрэфекта, 35 вялікіх юбілейных мерапрыемстваў і штодзённыя пілігрымкі паказалі Касцёл поўны дынамізму, які адказвае на рэальныя выклікі і кіраваны Духам Святым.

Адметнымі момантамі Юбілею іерарх назваў, між іншым, сустрэчу моладзі ў “Tor Vergata”, момант споведзі ў “Circo Massimo”, працэсію брацтваў з усяго свету, Юбілей уладароў і Юбілей вязняў, а таксама кананізацыю двух маладых людзей – святога Карла Акуціса і святога П’ера Джорджа Фрасаці. Як адзначыў арцыбіскуп Фізікела, гэтыя святыя з’яўляюцца “іконамі Юбілею, якія нясуць надзею маладому Касцёлу”.

Асаблівую ўвагу арцыбіскуп Рына Фізікела звярнуў на сустрэчу валанцёрскіх суполак і іх служэнне на працягу Юбілейнага года ў Рыме. “Валанцёры з розных краін і ўзроставых груп сваёй дабрынёй, адданасцю і ўсмешкамі стварылі атмасферу бяспекі і сардэчнасці”, - падкрэсліў ватыканскі іерарх, адзначыўшы пры гэтым, што тыя сталі сапраўдным сімвалам надзеі і ўдзячнасці.

Лічбы Юбілея 2025 года

Падчас прэс-канферэнцыі ватыканскі іерарх назваў колькасць пілігрымаў, якія прынялі ўдзел у юбілейных мерапрыемствах: 33 475 369 чалавек. Паводле першапачатковых ацэнак, чакалася 31,7 мільёна пілігрымаў, але колькасць удзельнікаў значна перавысіла прагнозы. Як вынікае са статыстычных даных, прыбыццё пілігрымаў у Вечны горад значна павялічылася з месяца мая.

Сярод пілігрымаў, якія прыбылі ў Рым (акрамя жыхароў Італіі), найбольш было жыхароў ЗША (12,57 %), Іспаніі (6,23 %), Бразіліі (4,67 %), Польшчы (3,69 %) і Германіі (3,16 %).

Юбілей 2025 года – падрыхтоўка да ласк большага маштабу

Духоўнае вымярэнне Юбілею, як падкрэсліў арцыбіскуп Рына Фізікела, паказала вернікаў, якія прагнуць малітвы і навяртання і знаходзяцца ў дарозе. “Дарога не заканчваецца, - дадаў прапрэфект. - Гэта была толькі важная станцыя, якая рыхтавала нас да чарговай падзеі ласкі глабальнага маштабу, якая ўжо чакае на парозе”.
 

09 студзеня 2026, 09:56