Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер  (ANSA)

Арцыбіскуп Галахер: сурагатнае мацярынства – новы каланіялізм

Ватыкан і Італія выступілі адзіным фронтам супраць сурагатнага мацярынства, называючы гэтую практыку формай каланіялізму, якая ператварае жанчын і дзяцей у тавар.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У пасольстве Італіі пры Святым Пасадзе прайшоў значны дыялог на тэму абароны чалавечай годнасці, у якім прынялі ўдзел сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер і міністр па справах сям’і Італіі Эўджэнія Рачэла.

Падчас сустрэчы ў Палаца Барамеа бакі падкрэслілі неабходнасць супрацьстаяць камерцыялізацыі нараджэння, якое Леў XIV назваў “прыніжальнай” практыкай, што ахвяруе інтарэсамі дзяцей дзеля жаданняў дарослых.

Сурагатнае мацярынства – гэта не прагрэс, а эксплуатацыя ўразлівасці

Арцыбіскуп Галахер спаслаўся на нядаўнюю прамову Папы да дыпламатычнага корпуса, дзе Пантыфік рэзка асудзіў ператварэнне выношвання дзіцяці ў “паслугу, якая падлягае перамовам”.

Паводле высокага ватыканскага прадстаўніка, такая дзейнасць парушае годнасць як дзіцяці, зведзенага да статусу “прадукту”, так і маці, чыё цела становіцца выключна інструментам. Галахер адзначыў, што нават фармальная згода жанчыны часта з'яўляецца вынікам эканамічнага ціску, што робіць сурагатнае мацярынства “новым каланіялізмам”.

Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што міжнароднае рэгуляванне гэтай сферы можа быць контрпрадуктыўным, бо спрашчэнне працэдур толькі стымулюе попыт і павялічвае колькасць дзяцей, прызначаных для продажу.

Адзіным паслядоўным адказам Касцёл лічыць поўную забарону гэтай практыкі. Арцыбіскуп нагадаў, што наяўнасць грошай не дае права на валоданне іншым чалавекам, бо дзіця заўсёды застаецца “дарам Божым”.

Дзіця – гэта дар, а не прадмет кантрактных абавязацельстваў

Міністр Эўджэнія Рачэла падтрымала пазіцыю Святога Пасада, адзначыўшы, што ў сурагатным мацярынстве няма нічога альтруістычнага. Яна падкрэсліла, што італьянскае заканадаўства, якое з 2024 года лічыць гэтую практыку злачынствам нават пры здзяйсненні яе за мяжой, накіравана менавіта на абарону правоў непаўналетніх.

Удзельнікі сустрэчы заклікалі міжнародную супольнасць стварыць адзіны фронт, каб спыніць ператварэнне чалавечага жыцця ў прадмет гандлёвых пагадненняў.
 

14 студзеня 2026, 09:32