Новы кіраўнік і новыя гарызонты “Фонду Ратцынгера”
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дзяржаўны сакратарыят правёў планавае абнаўленне кіруючых органаў “Ватыканскага фонду Ёзэфа Ратцынгера - Бэнэдыкта XVI”. Новым старшынёй Адміністрацыйнай рады стаў ксёндз Раберта Рэгалі, аўтарытэтны гісторык Касцёла і прафесар Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта. Ён з’яўляецца прызнаным экспертам у галіне гісторыі папства і ватыканскай дыпламатыі, а таксама рэдактарам часопіса “Archivium Historiae Pontificiae”.
Ксёндз Рэгалі прымае эстафету ад ксяндза Федэрыка Ламбардзі, які пасля завяршэння працы ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы дзесяць гадоў быў “тварам” і душой Фонду. Новы кіраўнік выказаў глыбокую ўдзячнасць свайму папярэдніку за разважлівасць і ўпэўненасць у развіцці ініцыятыў.
Абнаўленне складу і юбілейныя планы
Таксама пасля заканчэння пяцігадовага мандата быў перагледжаны склад Адміністрацыйнай рады і Навуковага камітэта. Сярод прызначаных на новы тэрмін чальцоў рады застаюцца арцыбіскуп Георг Генсвайн, нунцый у краінах Балтыі, і іншыя шматгадовыя супрацоўнікі Бэнэдыкта XVI: прафесар Ахім Букенмаер, адвакат Франчэска Бадзолі, а таксама Альберта Гасбары, былы адміністрацыйны дырэктар Ватыканскага радыё і арганізатар апостальскіх падарожжаў.
У Навуковы камітэт, членаў якога прызначае непасрэдна Папа Леў XIV, увайшлі ўплывовыя іерархі, у тым ліку кардыналы Курт Кох і Анхель Фернандэс Арцімэ.
Новы старшыня назваў наступнае пяцігоддзе “захапляльным” часам, бо Касцёл рыхтуецца да святкавання 100-годдзя з дня нараджэння Ёзэфа Ратцынгера ў 2027 годзе. Падрыхтоўка да гэтай падзеі вядзецца ўжо некалькі месяцаў.
Актуальнасць думкі Бэнэдыкта XVI
Ксёндз Рэгалі падкрэсліў, што тэалагічная і пастырская спадчына Бэнэдыкта XVI застаецца надзвычай жывой і здольнай унесці істотны ўклад у сучасную культурную дыскусію. Паводле яго слоў, інтэлектуальнае багацце Ратцынгера з’яўляецца крыніцай навяртання на каталіцтва шматлікіх людзей па ўсім свеце.
Фонд ставіць сабе за мэту, каб голас Пантыфіка родам з Баварыі працягваў гучаць не толькі ў навуковых колах, але і сярод моладзі. Галоўная задача гэтай працы – дапамагчы маладому пакаленню нанова адкрыць прыгажосць веры ў Хрыста і Касцёл.