2021.02.01 Progetto dicasteri: Dottrina della fede

Кардынал Фернандэс: пакора абароніць ад памылак мінулага

Прэфект Дыкастэрыі веравучэння перасцярог ад рэлігійнай пыхі, якая гістарычна прыводзіла да трагедый – ад інквізіцыі да сучасных канфліктаў, заклікаўшы да інтэлектуальнай пакоры.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас адкрыцця пленарнага пасяджэння Дыкастэрыі веравучэння яе кіраўнік, кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, выступіў з вострай крытыкай інтэлектуальнай саманадзейнасці.

Аргенцінскі іерарх падкрэсліў, што забыццё пра ўласную абмежаванасць штурхае людзей да паўтарэння памылак мінулага. Ён заклікаў прысутных да “здаровага рэалізму” ў супрацьвагу сучаснай культуры інтэрнэт-суджэнняў, дзе блогеры без тэалагічнай адукацыі часта выказваюцца з прэтэнзіяй на бязгрэшнасць.

Паводле слоў кардынала, менавіта празмерная ўпэўненасць ва ўласнай праваце станавілася падмуркам для жахлівых падзей у гісторыі.

Ад інквізіцыі да трагедыі ў Газе

Прэфект Дыкастэрыі прывёў шэраг прыкладаў, калі “падманныя аргументы” апраўдвалі насілле. У гэтым спісе апынуліся не толькі злоўжыванні інквізіцыі, але і сусветныя войны, Шоа і сучасныя масавыя забойствы ў сектары Газа. Кардынал папярэдзіў, што гэтая пастка самаўпэўненасці актуальная для кожнага: мы апынаемся ў палоне гэтага падману, калі жывём з ілюзіяй поўнага валодання ведамі.

Супольнае шуканне і межы розуму

Касцёл, які не зачыняецца ў сабе, павінен пакорліва слухаць Бога і людзей, лічыць іерарх. Гэта асабліва тычыцца тэолагаў, чые веды сёння часта фрагментаваныя. Нават самыя магутныя тэхналогіі, на думку Фернандэса, не дазваляюць чалавечаму розуму ахапіць рэчаіснасць у яе цэласнасці.

Завяршаючы выступленне, кардынал заклікаў да цішыні і малітвы, спасылаючыся на святога Банавентуру. Ён адзначыў, што менавіта ўнутраная цішыня больш спрыяе спазнанню Бога, чым словы.

Пленарнае пасяджэнне Дыкастэрыі працягнецца да 29 студзеня 2026 года і будзе прысвечана актуальным тэалагічным пытанням.
 

28 студзеня 2026, 09:27