Спяшацца рабіць дабро: кардынал Краеўскі пра будні, крытыку і служэнне
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пра актуальнасць евангельскага паслання, прыклад Папы Францішка, крытыку і канкрэтныя ініцыятывы Дыкастэрыі па міласэрным служэнні прэфект гэтага ватыканскага ведамства расказаў у размове з Войцехам Рагаціным з Польскай рэдакцыі “Vatican News”. Нагодай для інтэрв’ю стала публікацыя ў Польшчы кнігі кардынала Краеўскага пад назвай “Ідзі і рабі дабро”.
“Гэта евангельскае пасланне. Магчыма, пра гэта не сказана наўпрост, але калі мы чытаем Евангелле, то бачым там у першую чаргу “сёння”. Гаворка ідзе пра час, які дадзены нам. Сённяшні дзень нам дадзены, а заўтрашні – няпэўны для кожнага з нас. Таму, калі хочам рабіць дабро, мы павінны рабіць яго сёння”, - падкрэсліў кардынал.
Актуальнасць паслання Евангелля
“Я стараюся жыць логікай Евангелля”, - прызнаўся іерарх, заўважаючы, што публічная дзейнасць Езуса пачалася менавіта з Яго сустрэч з пракажонымі, адчужанымі і грэшнікамі. Ён заўважыў, што імкнецца наследаваць гэты прыклад у сваім служэнні на пасадзе Апостальскага элемазінарыя: не чакаць, пакуль прыйдуць бедныя, а ісці і шукаць іх.
“Папа Францішак мне сказаў: "Пакінь офіс, пакінь рабочы стол, выйдзі на вуліцы і шукай параненага Езуса”. Гэта і ёсць Евангелле. Менавіта гэта Езус рабіў кожны дзень. Выходзіў раніцай і шукаў людзей, якім была патрэбна дапамога”, - сказаў кардынал Краеўскі.
Кантакт з беднымі дапамагае разумець іх патрэбы
Па словах прэфекта, непасрэдны кантакт з беднымі дапамагае добра разумець іх рэальныя праблемы і вырашаць іх. Ён расказаў, што менавіта падчас шчырых размоў з рымскімі бяздомнымі змог даведацца пра многія іх патрэбы, напрыклад, пра адсутнасць магчымасці хадзіць у прыбіральню.
“У Рыме няма публічных прыбіральняў. Турысты ідуць у бар, купляюць каву і могуць скарыстацца ёй. Але бяздомныя не могуць пайсці ў бар ці рэстаран. Калі і знойдзецца публічная прыбіральня, каб увайсці ў яе, трэба заплаціць адзін еўра. Таму прыбіральні для іх адкрылі мы”, - падзяліўся іерарх. Ён расказаў, што, адказваючы на канкрэтныя патрэбы бедных, пад каланадай Плошчы Святога Пятра былі створаны душавыя кабінкі, цырульня і амбулаторыя, аказваецца дапамога з афармленнем дакументаў і духоўная падтрымка.
Дабро натхняе
Кардынал Краеўскі заўважыў, што добрыя ініцыятывы Дыкастэрыі па міласэрным служэнні натхняюць многіх людзей праяўляць салідарнасць. Ён расказаў, што нядаўна вырашыў набыць дзве вялікія скрынкі бананаў для бедных, а калі ў чарзе да касы ў супермаркеце яго пазнала выпадковая жанчына, яна прапанавала сама аплаціць гэтую пакупку.
Па словах іерарха, многія людзі робяць ахвяраванні або перадаюць грошы на дапамогу бедным у сваіх тэстамэнтах. Ён расказаў таксама пра сям’ю, якая ахвяравала тры мільёны еўра, на якія ў далейшым была пабудавана клініка ў Мадагаскары.
Прыклад Папы Францішка
Іерарх прызнаўся, што быць канкрэтным у дапамозе людзям яго вучыў Папа Францішак. Напрыклад, калі ў Рыме здарылася паводка і была затоплена вялікая колькасць дамоў, Пантыфік папрасіў аплаціць гатэль для сем’яў, якім не было дзе начаваць.
Іншы прыклад: адпраўляючы кардынала Краеўскага на Лампедузу, каля берагоў якой затанула мігранцкае судна, Папа параіў іерарху ў першую чаргу паразмаўляць з мясцовым пробашчам, каб даведацца пра канкрэтныя патрэбы людзей. У выніку гэтай размовы высветлілася, што выжыўшыя мігранты не маюць магчымасці звязацца са сваімі блізкімі і супакоіць іх. Таму кардынал Краеўскі набыў ім тэлефонныя карткі.
Не сацыяльныя работнікі, а прадстаўнікі Езуса
Іерарх адзначыў, што Францішак заўсёды карыстаўся ўласцівай езуітам праніклівасцю, якая прадугледжвае распазнанне рэальнасці перад тым, як пачаць дзейнічаць. Менавіта таму Папа заклікаў яго праводзіць шмат часу ў адарацыі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, каб не ператварыцца ў простых сацыяльных работнікаў, а быць прадстаўнікамі Езуса.
Застаецца толькі дапамагаць
Кардынал Краеўскі заўважыў, што клапаціцца пра бяздомных не азначае заахвочваць іх працягваць такі лад жыцця, але вельмі часта іх сітуацыя заходзіць настолькі далёка, што яны ўжо не могуць змяніцца, не маюць да каго вярнуцца, і застаецца толькі дапамагаць ім. “Не тое, каб мы запрашалі іх у Ватыкан, але яны адчуваюць сябе тут у бяспецы. І я думаю, што гэта добра пра нас гаворыць”, - сказаў іерарх.
Рабіць тое, што зрабіў бы Езус
Прэфект нагадаў, што Хрыстус сядзеў за адным сталом з мытнікамі і грэшнікамі. “Я не памятаю нідзе ў Евангеллі, каб Ён сядзеў з мэрамі ці членамі Найвышэйшай рады”, - дадаў ён. Кардынал прызнаўся, што часта чуе крытыку ў свой адрас, але гэта не знеахвочвае яго. “Мы робім тое, што зрабіў бы Езус. А Езус, напэўна, самы крытыкаваны і непажаданы чалавек у свеце”, - падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні.