Пошук

Кардынал Цімаці Рэдкліф прамаўляе падчас кансісторыя Кардынал Цімаці Рэдкліф прамаўляе падчас кансісторыя  (@Vatican Media)

Кардынал Рэдкліф: плыць разам з Пятром праз буры нашага часу

“Мы сабраліся на гэтым кансісторыі, каб дапамагчы Святому Айцу ў выкананні яго служэння паўсюднаму Касцёлу. Як мы можам гэта зрабіць?” – з такім пытаннем кардынал Цімаці Рэдкліф звярнуўся да ўдзельнікаў ватыканскага сходу.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Англійскі дамініканін падзяліўся некаторымі думкамі на пачатку першай сесіі надзвычайнага кансісторыя, які праходзіць у Ватыкане з 7 па 8 студзеня 2026 года па ініцыятыве Папы Льва XIV. Кардынал узяў за аснову для свайго разважання ўрывак з Евангелля паводле святога Марка, у якім гаворыцца пра суцішэнне Езусам буры.

Быць разам з Пятром

“Езус загадаў вучням сесці ў човен і апярэдзіць Яго на другім беразе. Пётр не павінен апынуцца сам на сам з бурай,” - сказаў ён, падкрэсліўшы, што ў сілу паслухмянасці кардыналы павінны знаходзіцца ў чоўне Пятра, калі ён сутыкаецца з бурамі нашага часу. “Мы не можам заставацца на беразе і казаць: “Я б не плыў сёння” або: “Я б абраў іншы човен”,” - дадаў прапаведнік.

Вучні, якія жывуць у любові

“Святы Ян піша: “Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая”. Калі човен Пятра будзе поўны вучняў, што сварацца паміж сабой, мы будзем бескарысныя для Святога Айца. Але калі мы жывём у міры і любові, нават калі ўзнікаюць разыходжанні, Бог будзе па-сапраўднаму прысутны, нават калі здаецца, што Яго няма побач,” - падкрэсліў дамініканін.

Буры нашага часу

Кардынал Рэдкліф заўважыў, што “мы таксама жывём у часы жудасных бураў, адзначаных ростам гвалту – ад злачынстваў з выкарыстаннем зброі да войнаў”. “Прорва паміж багатымі і беднымі ўсё больш паглыбляецца. Сусветны парадак, які ўзнік пасля апошняй сусветнай вайны, развальваецца. Мы яшчэ не ведаем, якія наступствы прынясе штучны інтэлект. Калі мы яшчэ не занепакоеныя, то павінны быць,” - сказаў ён.

Плыць з адвагай

Дамініканін згадаў таксама пра буры, якія бушуюць у Касцёле з прычыны сексуальных злоўжыванняў і ідэалагічных падзелаў. “Пан кліча нас плыць праз гэтыя буры і адказваць на іх з праўдай і адвагай, не заставацца на беразе ў страху. Калі мы зробім гэта падчас кансісторыя, мы ўбачым, як Езус ідзе насустрач нам. Калі ж застанемся схаваныя на беразе, тады не сустрэнем Яго,” - папярэдзіў прапаведнік.

Памяць і навізна

Кардынал Рэдкліф адзначыў, што падчас кансісторыя адны іерархі будуць вартавымі памяці, нагадваючы пра важнасць захавання традыцый, а іншыя будуць радавацца дзіўнай навізне Бога. На думку прапаведніка, памяць і навізна непарыўна звязаныя з дынамікай хрысціянскага жыцця. Ён запэўніў, што дыскусіі ўдзельнікаў кансісторыя стануць больш жывымі, калі яны здолеюць быць укаранёнымі ў памяці пра вялікія справы, учыненыя Панам, і адкрытымі на Яго вечную і заўсёды новую свежасць. “Між імі няма ніякай канкурэнцыі,” - сцвердзіў англійскі кардынал.
 

08 студзеня 2026, 13:22